21 лістапада ў Апостальскай нунцыятуры ў Мінску адбылося 67-е пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Епіскапат зацвердзіў тэму наступнага пастырскага года ў Беларусі: "Моладзь — надзея Касцёла і грамадства".
Як адзначыў у размове з карэспандэнтам grodnensis.by Генеральны сакратар KKББ, невыпадкова была абрана тэма года, якая скіроўвае ўвагу да маладых людзей. З 3 па 28 кастрычніка 2018 г. у Ватыкане пройдзе Сінод Біскупаў, прысвечаны пытанням моладзі, тэма якога — "Моладзь, вера і распазнанне паклікання".
Біскуп Станеўскі адзначыў, што сёння малады чалавек вельмі часта шукае адказу на разнастайныя пытанні і мае права, а нават абавязак, шукаць сэнсу і мэты свайго жыцця.
“Гэтая моладзь, якая пастаянна знаходзіцца на этапе пошуку і, як гэта прыгожа сказаў падчас Сусветных дзён моладзі ў Кракаве Святы Айцец Францішак, “не ляжыць на канапе”, з’яўляецца менавіта надзеяй Касцёла, нашай надзеяй. Бо тады мы разам сустрэнемся на шляхах, якія вядуць да дабра, міру, любові, распазнання свайго паклікання”, – дадаў іерарх.
Біскуп адзначыў, што гэты пошук вядзе маладога чалавека да сустрэчы з Евангеллем, што азначае будучыню для нашага Касцёла і свету. “Тады, як вучыць Другі Ватыканскі Сабор, а асабліва каталіцкае грамадскае вучэнне, немагчыма, каб тое, што чалавек здабыў ад Хрыста праз распазнанне Евангелля, ён затрымаў толькі для сябе, але ён павінен гэтым багаццем умела дзяліцца з іншымі”, – дадаў Генеральны сакратар епіскапату.
Па словах біскупа Станеўскага, сёння Касцёл чакае ад маладых людзей нашых часоў, каб яны паказалі свету “малітву ўчынку, а не толькі слова”. “Тады наша грамадства, наша краіна будуць мець надзею ў гэтых маладых людзях, якія будуць весці да міру і паяднання, што атрымалі і распазналі на малітве з Хрыстом”, – сказаў іерарх.
Кс. Юрый Марціновіч