20-21 лістапада пры парафіi Св. Міхала Арханёла у Навагрудку адбылася фармацыйная сустрэча для святароў ад 1 да 8 гадоў святарства, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.
Больш за 20 святароў прыбылі, каб на малітве, разважанні над Божым словам і ўдзельнічаючы ў канферэнцыях, аднавіць сваё духоўнае жыццё і паглыбіць веды.
У першы дзень сустрэчы святую Імшу ў парафіяльным касцёле ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх заклікаў святароў, каб гэты час быў для іх духоўным узрастаннем у пакліканні, якое трэба пастаянна разіваць, каб любіць Пана Бога і вернікаў, да якіх яны былі пасланы ад імя Касцёла.
У гаміліі кс. Ян Сарэлa, адказны мадэратар за пастаянную фармацыю святароў у Гродзенскай дыяцэзіі, заахвоціў святароў шчыра паглядзець на сябе, сваё жыццё і сваю святарскую дзейнасць. Мадэратар дадаў, што, гледзячы на сваё жыццё, важна заўважыць тое, што не дазваляе да канца прысвяціць сябе Хрысту і Яго Касцёлу.
Ксёндз Сарэла адзначыў, што кожны святар у цэнтр свайго жыцця і служэння павінен паставіць Езуса Хрыста, бо інакш можна паддацца духоўнай слепаце. Гэтая слепата, па словах святара, можа закрыць сэрца на Бога і патрэбы іншых людзей.
“Без Езуса я не здольны нічога ўчыніць і зрабіць, а наша штодзённае святарскае служэнне не будзе мець ніякага сэнсу”, – дадаў кс. Сарэла.
У межах фармацыйнай сустрэчы святары прынялі ўдзел у канферэнцыі на тэму літургічных злоўжыванняў падчас цэлебрацыі святой Імшы і сакрамэнтаў, з якой выступіў кс. кан. Ян Кучынскі, пробашч катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Святар адзначыў, што прэзбітэры павінны здзяйсняць містэрыю Хрыста, а асабліва Эўхарыстычную ахвяру, на хвалу Бога і для асвячэння хрысціянскага народу, пабожна і з верай, а таксама згодна з традыцыяй Касцёла. Таму яны не могуць пазбаўляць сваё служэнне глыбокага значэння, скажаючы цэлебрацыю літургіі праз розныя змены, выключэнні або нейкія іншыя дадаткі ад сябе.
Падчас сустрэчы прысутныя памяталі ў малітве аб памерлых святарах, якія ахвярна служылі ў Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама аб плённасці І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі.
Кс. Юрый Марціновіч