18 лістапада вернікі парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі здзейснілі аднадзённую пілігрымку ў Вільнюс. Яны скіраваліся туды найперш для таго, каб прыняць удзел у святой Імшы, якую цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, для пілігрымаў з Беларусі.
Група колькасцю 54 чалавек на чале з пробашчам парафіі кс. Янам Гавецкім наведала сціплую, а разам з тым багатую духам і атмасферай ціхай малітвы капліцу Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці, у Вострай Браме.
Пілігрымы наведалі таксама шмат месцаў, якія маюць багатую гісторыю і захапляюць сваёй прыгажосцю. Яны пабывалі ў Троках, дзе завіталі ў гістарычны замак, які быў узведзены ў XIV–XV стст. Вялікім князем Літоўскім Кейстутам і яго сынам Вітаўтам. Памаліліся ў касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Троках, які з’яўляецца восьмай святыняй у Літве, што мае тытул малой базылікі.
Вераніка Бернік, адна з удзельнікаў пілігрымкі, якая разам з вернікамі сваёй парафіі ўпершыню прыняла ў ёй удзел, адзначае, што ў захапленні ад віленскіх святыняў, якія ўнутры вельмі прыгожа аздоблены і прыцягваюць сваёй элегатнасцю.
Вялікае ўражанне засталося ў Веранікі ад сустрэчы з Маці Божай у знакамітай выяве Марыі Вастрабрамскай. “Мяне вельмі парадавала тое, што можна падыйсці да яе блізка, на адлегласці выцягнутай рукі, і без перашкод паглядзець у самы твар сумнай Пані”, – дадае парафіянка.
Будучы ў месцы міласэрнасці, якое вядома ва ўсім свеце таксама дзякуючы св. Фаўстыне Кавальскай, паводле ўказанняў якой у Вільнюсе Яўгенам Казіміроўскім быў напісаны першы абраз Езуса Міласэрнага, пілігрымы з Іўя маліліся ў інтэнцыі сваёй парафіяльнай супольнасці. Маліліся яны таксама за свае сем’і, просячы, каб Пан быў міласэрны да іх і да ўсяго свету.
Кс. Юрый Марціновіч