16 лістапада ў парафіi Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне адбылася адпустовая ўрачыстасць. Вернікі ўшанавалі ў гэты дзень Маці Міласэрнасці, абраз якой ужо шмат гадоў знаходзіцца ў галоўным алтары святыні.
Культ Маці Божай Міласэрнасці, якую называюць таксама Паннай Марыяй Вастрабрамскай, у парафіі вельмі жывы. Парафіяне ў пілігрымцы веры, а таксама ў сваіх штодзённых праблемах і справах парафіяльнай супольнасці звяртаюцца да Марыі, і Яна спадарожнічае людзям, іх лёсам і вандроўкам па шляхах свету.
Урачыстую адпустовую святую Імшу з удзелам шматлікіх вернікаў узначаліў кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі. У гаміліі святар назваў Марыю, Маці Міласэрнасці, вялікім дарам неба, дзякуючы якому людзі могуць адчуваць сябе ў бяспецы і ў спакоі. Ксёндз Марціновіч дадаў, што Марыя сваім прыкладам жыцця вучыць сучасных людзей.
“Працягваючы нам свае матчыны далоні, Марыя хоча вучыць нас таму ж самаму. Яна запрашае нас усіх, каб мы не толькі працягвалі руку за Божай любоўю, але і давалі любоў іншаму чалавеку”, – звярнуў увагу святар.
Ксёндз Юрый Марціновіч таксама заахвоціў прасіць Маці Божую, каб Яна вучыла слухаць Езуса, вучыла чуласці сэрца і пачуццю міласэрнасці да іншага чалавека.
На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі кс. Антоні Абухоўскі падзякаваў вернікам за тое, што ў сваім штодзённых праблемах яны звяртаюцца да Панны Марыі, якая заўсёды дае ім руку дапамогі.
JM