Skip to main content

У парафіі ў Навагрудку адбыўся канцэрт-рэквіем

 

navk 13З нагоды ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў у парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку быў арганізаваны канцэрт-рэквіем класічнай музыкі. Канцэрт адбыўся 11 лістапада.

Вітаючы прысутных, пробашч парафіі ксёндз Юрый Жэгарын адзначыў, што малітоўны ўспамін памерлых – важны абавязак усіх вернікаў.

Ушанаваць памяць спачылых сабраліся не толькі навагрудчане – на канцэрце прысутнічалі вернікі з Мінска, Баранавіч, Дзятлава, Ашмян, Астраўца, Іўя, Карэліч, Бярозаўкі і іншых гарадоў.

Прысутныя ўпершыню пачулі сумеснае гучанне аргана і армянскага дудука – драўлянага духавога язычковага музычнага інструмента, музыка якога прызнана шэдэўрам Сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

У канцэрце прынялі ўдзел саліст Прыморскай сцэны Марыінскага тэатра Ігар Сівянкоў (армянскі дудук), лаўрэат міжнародных конкурсаў, саліст Беларускага тэатра оперы і балета Аляксандр Міхнюк (тэнар), піяніст Беларускай дзяржаўнай філармоніі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксандр Музыкантаў (арган), Андрэй Міхневіч (арган, барытон), струнны квартэт з Мінска – Эла Іванова (скрыпка), Ірына Кнауэр (скрыпка), Вольга Цільневіч (альт), Наталля Грудзіна (віяланчэль).

Чароўныя гукі 200-гадовага аргана, цёплае і злёгку прыглушанае гучанне армянскага дудука, звонкая і мяккая музыка струнных інструментаў – падабраны для канцэрта рэпертуар стварыў атмасферу спакою і малітоўных роздумаў.

Анастасія Пятрова