Skip to main content

Парафія Св. Яна Паўла ІІ у гродзенскіх Пагаранах атрымала дзяржаўную рэгістрацыю

pagarany 8Стала вядома, што пакліканая да існавання дэкрэтам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча парафія Св. Яна Паўла ІІ у мікрараёне Пагараны ў Гродне атрымала дзяржаўную рэгістрацыю.

Адпаведны дакумент быў выдадзены ўладамі 23 кастрычніка, праз дзень пасля літургічнага ўспаміну святога Папы – апекуна парафіі.

У каментарыі для grodnensis.by ксёндз Генрык Яблонскі, пробашч парафіі, адзначыў, што гэта вялікая радасць для вернікаў гэтага мікрараёна, якім не абыякавыя справы Касцёла і рэлігіі і якія жадаюць браць актыўны ўдзел у будаванні супольнасці. Для іх гэта важна, яны гатовы цалкам прысвяціць сябе гэтай ідэі.

„Сёння ўсё ў руках Пана Бога і ў Яго планах. Малюся аб тым, каб змог гэтыя Божыя намеры правільна прачытаць. Усё давяраю Пану Богу праз заступніцтва нашага апекуна – св. Яна Паўла ІІ”, – сказаў пробашч.

Належыць дадаць, што 15 кастрычніка ў мікрараёне Пагараны ў Гродне быў асвечаны каталіцкі крыж, які знаходзіцца пры ўездзе ў раён. Асвячэнне крыжа адбылося ў сімвалічны дзень, напярэдадні 39-й гадавіны абрання Яна Паўла ІІ на Апостальскі Пасад.

Для вернікаў гэта асаблівы знак, і яны перакананы, што святы Папа дапаможа ім у будаўніцтве найперш жывога Касцёла, які складаецца з чалавечых сэрцаў, a ў будучыні сваёй святыні.

Кс. Юрый Марціновіч