Skip to main content

Легіёну Марыі, які дзейнічае ў Лідзе, споўнілася 10 гадоў

legijon11 лістапада ў касцёле Божай Міласэрнасці адзначылі 10-годдзе існавання Легіёна Марыі. Урачыстую св. Імшу ўзначаліў кс. Яўген Ціхан – першы старшыня супольнасці. Акрамя мясцовых вернікаў ва ўрачыстасці прынялі ўдзел госці з Гродна, Іўя і іншых парафій Ліды.

У першыя гады свайго існавання супольнасць налічвала толькі некалькі чалавек. У рамках дзейнасці Легіёна яго ўдзельніцы арганізавалі пры касцёле невялічкую краму з дэвацыяналіямі. Паступова парафіяне, купляючы чарговы абразок ці ружанец, пачалі звяртацца да жанчын з уласнымі пытаннямі, праблемамі, а яны ў сваю чаргу накіроўвалі іх да ксяндза. Так мы сталі мосцікам паміж пробашчам і парафіяй”, – адзначае Марыя Пастарняк, член супольнасці. 

Кожны панядзелак пасля св. Імшы легіянеркі збіраліся на малітве ў інтэнцыі пашырэння супольнасці, праводзілі розныя акцыі, каб зацікавіць вернікаў у сваёй дзейнасці, але марна. “Міналі год за годам, а да нас ніхто не далучаўся. Сорамна было перад Госпадам і Маці Божай за нашае бяссілле”, – дадае спадарыня Марыя. 

Дапамагчы жанчынам вырашыў пробашч парафіі кс. Андрэй Зноска. “Цяпер словы «легіён» і «легіянеры» не сыходзілі з амбоны. Ксёндз заўсёды меў што сказаць пра нас людзям, пачаў даваць Легіёну розныя заданні пры касцёле і запрашаў усіх далучацца да нас. Аднак кандыдатаў усё яшчэ не было. І мы працягвалі ўчатырох збірацца на малітве на пачатку тыдня”, – узгадвае жанчына. 

Гэтай вясной чарговую акцыю ў парафіі правялі легіянеры з Мінска. І адбыўся цуд: да супольнасці далучылася шэсць чалавек. “Гэта быў падарунак на наш 10-гадовы юбілей”, – адзначае спадарыня Марыя. 

За гады дзейнасці супольнасці было праведзена шмат апостальскай працы: жанчыны наведвалі дзіцячы дом, каб прывесці малых у касцёл і на катэхезу, арганізоўвалі для іх Вігілійную вячэру. Часта хадзілі ў шпіталі, дамы састарэлых і дапамагалі людзям з парафіі паяднацца з Богам.

Даведка:

Легіён Марыі – самая вялікая апостальская арганізацыя свецкіх католікаў, якая дзейнічае практычна ў кожнай краіне свету. Яна налічвае больш за 3 млн актыўных і каля 10 млн дапаможных легіянераў. Легіён Марыі мае на мэце абвяшчэнне Божай хвалы і імкненне да асабістай святасці праз малітву і апостальскую працу. Легіянеры заўсёды ідуць удвух як да няверуючых, так і да ахрышчаных, якія страцілі сэнс веры і прысутнасці ў Касцёле. Арганiзацыя заснавана Фрэнкам Дафам у Дубліне 7 верасня 1921 г. напярэдадні свята Нараджэння Багародзіцы. Легіён Марыі быў усхвалены сямю апошнімі Папамі і падтрыманы ІІ Ватыканскім саборам.

АМ