Skip to main content

Адпустовая ўрачыстасць у гонар св. Язафата Кунцэвіча адбылася ў Сапоцкіне

kuncewicz 1212 лістапада парафіяльная супольнасць у Сапоцкіне перажывала адпустовую ўрачыстасць у гонар св. Язафата Кунцэвіча. Святую Імшу з удзелам шматлікіх вернікаў парафіі ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У гаміліі біскуп прысвяціў увагу постаці св. Язафата, які быў звязаны з усходняй літургічнай традыцыяй, аддаў жыццё за вернасць Апостальскай Сталіцы і абраз якога знаходзіцца ўверсе галоўнага алтара ў сапоцкінскім касцёле.

Біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў важнасць разважання над Божым словам, якім кожны дзень жыў святы апякун парафіі. “Святы Язафат, разважаючы над Божым словам, заўсёды ішоў шляхам, які вёў да крыжа, і думаў над тым, што Пан скіроўваў да яго сэрца”, – дадаў іерарх.

Біскуп звярнуў увагу, што св. Язафат ніколі не спыняўся перад цяжкасцямі і сумненнямі, але, натхнёны Божым словам, паказваў іншым шлях да Бога і шлях да еднасці. “Ён клапаціўся аб еднасці ўсіх хрысціян і таму, нягледзячы на супраціў, вёў усіх да адзінага Пастыра”, – сказаў іерарх.

kuncewicz 11

Па словах біскупа, святы Язафат прыкладам свайго жыцця прамаўляе і сёння да сучаснага чалавека і заклікае задаць сабе пытанне аб тым, як мы разумеем сваю веру. “Ён вучыць нас, каб мы пакінулі свае чалавечыя планы і прынялі план Бога. Каб у нашых гарадах і вёсках, сем’ях і супольнасцях мы будавалі еднасць. Каб любоў Хрыста заўсёды штурхала нас да братняй любові”, – адзначыў іерарх.

На заканчэнне Імшы пробашч парафіі кс. Антоні Абухоўскі падзякаваў усім прысутным за дар супольнай малітвы. Адпустовая ўрачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні.

Святы Язафат Кунцэвіч загінуў мучаніцкай смерцю ў Віцебску 12 лістапада 1623 г. У 1642 г. Папа Урбан VIII беатыфікаваў мучаніка. Праз 225 гадоў Пій IX абвясціў яго святым.

Кс. Юрый Марціновіч