Skip to main content

Вернікі з Ліды здзейснілі пілігрымку ў Вільнюс

wilnia l 16Наведванне Віленшчыны ўжо шмат гадоў з’яўляецца добрай традыцыяй для лідскіх вернікаў. Сёлета 7 лістапада 70 чалавек на чале з кс. Юрыем Бяганскім вырушылі ў Вільнюс, каб аддаць пашану Маці Божай Вастрабрамскай і памаліцца аб плёнах Сінода Гродзенскай дыяцэзіі.

У ліку пілігрымаў была таксама моладзь, якая цікавіцца гісторыяй гэтай зямлі.

Старадаўняя Брама на ўездзе ў Вільнюс – святое месца для хрысціян, бо там іх чакае добрая Маці, якая зразумее, выслухае і суцешыць.

У літоўскай сталіцы ёсць шмат цікавых мясцін, турыстычных шляхоў, якія цяжка пабачыць за адзін дзень. Сваё наведванне пілігрымы пачалі з Дома супольнасці Сясцёр Езуса Міласэрнага, дзе змяшчаецца капліца з копіяй абраза “Езу, давяраем Табе”. Побач знаходзіцца Хоспіс благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі – месца, мэтай якога з’яўляецца паляпшэнне якасці жыцця невылечна хворых.

У доме Сясцёр Езуса Міласэрнага ў пачатку ХХ ст. быў будынак, у адным з пакояў якога пражываў кс. Міхал Сапоцька, а побач – віленскі мастак Яўген Казіміроўскі. Менавіта гэты мастак у 1934 г. намаляваў абраз “Езу, давяраем Табе” са слоў св. Фаўстыны.

Затым пілігрымы прынялі ўдзел у святой Імшы ў Вострай Браме, а пасля мелі магчымасць прагуляцца па вуліцах горада, прыгадаць сабе імёны знакамітых постацяў, звязаных з Вільнюсам.

wilnia l 7

Гэтым разам пешы маршрут пілігрымаў пралягаў праз былы яўрэйскі раён, дзе падчас ІІ Сусветнай вайны знаходзілася гета. Пабачылі між іншым сінагогу, пабудаваную ў 1903 г. для яўрэйскай інтэлігенцыі. У час вайны яна не была знішчана дзякуючы таму, што была прызначана пад аптэку. Пілігрымы пабывалі і ў раёне Ужупіс, вельмі прыгожай частцы горада, хоць да нядаўняга часу яна была занядбанай. Да вайны тут пражывала вялікая яўрэйская супольнасць, пазней гэта было ўлюбёнае месца мастацкай багемы.

Добра праведзены дзень пакінуў у лідскіх пілігрымаў шмат уражанняў і эмоцый.

Ганна Міцкевіч