11 лістапада вернікі парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі здзейснілі аднадзённую пілігрымку ў Вільнюс.
Група колькасцю 37 чалавек на чале з пробашчам парафіі кс. Янам Гавецкім наведала капліцу Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці, у Вострай Браме. Там вернікі прынялі ўдзел у святой Імшы, падчас якой маліліся асабліва ў інтэнцыі сваёй парафіяльнай супольнасці і ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі, галоўнай Апякункай якой з’яўляецца Маці Міласэрнасці.
Таксама яны маліліся ў інтэнцыі блізкага адкрыцця І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі, якое адбудзецца ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці, што адзначаецца 16 лістапада.
У межах пілігрымкі ўдзельнікі наведалі таксама могілкі Расу – гістарычны некропаль у Вільнюсе, які з’яўляецца аднымі з найстарэйшых, найбольш вядомых і найкаштоўнейшых могілак літоўскай сталіцы.
Наведалі яны і Трокі, дзе пабывалі ў гістарычным замку, які быў узведзены ў XIV–XV стст. Вялікім князем Літоўскім Кейстутам і яго сынам Вітаўтам.
Адноўленыя ў духу, умацаваныя ў веры, пашырыўшы свае гарызонты і поўныя пазітыўных уражанняў, пілігрымы вярнуліся дадому.
Кс. Юрый Марціновіч