10 лістапада Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане арцыбіскупа Габара Пінтэра, Апостальскага нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь.
Аўдыенцыя для арцыбіскупа Пінтэра адбылася за дзень да 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Беларуссю. Менавіта 11 лістапада 1992 г. кампетэнтнымі прадстаўнікамі Святога Пасаду і Рэспублікі Беларусь быў падпісаны і ўступіў у сілу адпаведны міжнародны дакумент.
На працягу некалькіх апошніх гадоў адносіны паміж бакамі развіваюцца вельмі дынамічна. Сустрэчы афіцыйных асобаў сталі правілам, а не рэдкасцю, трывае ўзаемны дыялог па разнастайных пытаннях, прычым ініцыятыва паходзіць з абудвух бакоў.
У 2015 г. Беларусь наведваў з афіцыйным візітам кардынал Пьетра Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы. У 2016 г. візіт у Ватыкан здзейніў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, у Ватыканскіх музеях прайшла беспрэцэндэнтная выстава беларускага іканапісу, былі вызначаны напрамкі супрацоўніцтва ў культурнай сферы.
Важныя падзеі адбыліся таксама на працягу некалькіх апошніх месяцаў. Напрыканцы верасня Мінск стаў месцаў правядзення пленарнага пасяджэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы. 4 кастрычніка ў беларускай сталіцы быў урачыста адкрыты новы будынак Апостальскай нунцыятуры.
У цырымоніі інаўгурацыі дыпламатычнага прадстаўніцтва прымаў удзел арцыбіскуп Анджэла Бэчу, субстытут Дзяржаўнага сакратара Апостальскай Сталіцы па агульных пытаннях. У рамках свайго візіту ў Мінск ён сустракаўся з Міністрам замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Макеем.
Паводле Ватыканскага радыё