Напрыканцы кастрычніка ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа прайшоў першы ў гісторыі дыяцэзіі з’езд членаў малітоўнага руху “Маці ў малітве”. У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўніцы руху з бліж ляжачых лідскіх парафій, а таксама са Смаргоні, Воранава і Гродна.
Арганізатарамі спаткання выступілі рэпрезентанты мясцовай супольнасці руху на чале са спадарыняй Ганнай Ганчар. Акрамя таго ў з'ездзе прыняла ўдзел Людміла Губіна – кардынатар руху “Маці ў малітве” ў Беларусі.
Даведка:
Міжнародны малітоўны рух “Маці ў малітве” (“Mothers Prayers”) узнік у Англіі ў 1995 годзе. Яго мэта — усведамленне кожнай жанчынай свайго мацярынскага паклікання праз малітву, бязмежны давер Богу і даручэнне дзіцяці Яго абароне. Дэвіз супольнасці — "Аб’яднаўшыся ў малітве, мы выратуем нашых дзяцей".
Заснавалі рух дзве каталічкі Вераніка і Сандра. Яны адчулі асаблівую патрэбу маліцца за сваіх дзяцей і ўнукаў, бо ніякім іншым чынам не маглі дапамагчы сваім родным, якія жывуць ў неспакойным свеце. Праз малітву верніцы зразумелі, што Езус заклікае ўсіх маці даверыць сваіх дзяцей Яго апецы. У хуткім часе Вераніка Уільямс саставіла і выдала буклет абавязковых малітваў.
Сёння суполкі “Маці ў малітве” дзейнічаюць больш чым у 100 краінах свету, у тым ліку ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі.
Кс. Віталь Сідорка