3-5 лістапада ў Парэччы адбыліся рэкалекцыі для хлопцаў, якія арганізавалі айцы францішкане. Для ўдзельнікаў гэта была магчымасць правесці лістападаўскі ўікэнд у францішканскім духу. Рэкалекцыі праходзілі пад дэвізам “Жыццё без маскі”.
Падчас духоўных практыкаванняў удзельнікі выслухалі канферэнцыю, у якой айцы францішкане імкнуліся наблізіць праўдзівы вобраз Пана Бога, які з’яўляецца найперш Міласэрным Айцом. Таксама яны заклікалі да пастаяннага распазнавання Бога ў сваім жыцці.
Акрамя таго, было моцна падкрэслена, што чалавек павінен заўсёды шчыра станавіцца перад Богам у духу пакоры і праўды.
Удзельнікі рэкалекцый трывалі на адарацыі перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам усю ноч. Кожны меў сваю вызначаную гадзіну. Падчас гэтай малітвы яны асаблівым чынам прасілі Пана, каб дапамог ім заўсёды быць шчырымі перад Ім.
“Езус дасканала ведае праўду пра кожнага чалавека. А мы часам надзяваем маскі, робім выгляд, прыкідваемся кімсьці, кім не з’яўляемся. Прычыны такіх паводзінаў могуць быць розныя: мы хочам штосьці схаваць, паказацца лепшымі, чым мы ёсць. І хаця перад людзьмі гэта можа ў нас атрымацца – перад Богам не. Нам не трэба прыхарошвацца перад Ім. Ён любіць нас такімі, якія мы ёсць. І толькі стоячы ў праўдзе, мы адкрываемся на перамяняючае дзеянне Яго ласкі”, – патлумачыў у размове з grodnensis.by арганізатар рэкалекцый а. Павел Раманчук OFM Conv.
Акрамя малітвы, у межах рэкалекцый быў таксама супольны адпачынак і баўленне часу пры вогнішчы.
Кс. Юрый Марціновіч