5 лістапада ў архікатэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Беластоку (Польшча) адбылася цырымонія ўскладання палія Мітрапаліту Беластоцкаму арцыбіскупу Тадэвушу Войду. Яе ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Польшчы арцыбіскуп Сальваторэ Пеннаккьо.
Ва ўрачыстасцях прыняў удзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, а таксама Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Палій – гэта шарсцяная стужка ў форме літары Y шырынёй 4-6 см, з шасцю чорнымі крыжамі, вышытымі шоўкам, якую арцыбіскуп Мітрапаліт ускладае на плечы зверху арната падчас цэлебрацыі літургі. Бакі палія сімвалізуюць пастырскую місію арцыбіскупа Мітрапаліта, які на ўзор Добрага Пастыра нясе авечак на сваіх плячах.
Палій, падобны да таго, які падчас урачыстых літургій носіць Папа, з’яўляецца знакам еднасці са Святым Айцом і пастырскай улады арцыбіскупа ў мітраполіі, на тэрыторыі якой ён можа яго насіць. Крыжы на паліі – сімвал Езуса Хрыста.
Палій, паводле традыцыі, ускладваў новым Мітрапалітам Папа ва ўрачыстасць свв. апосталаў Пятра і Паўла ў базыліцы св. Пятра ў Рыме. Са студзеня 2015 г. рашэннем Папы Францішка палій, які ўручаецца Мітрапаліту ў Рыме, ускладваецца на яго ва ўласнай архідыяцэзіі Апостальскім Нунцыем.
Палій, які быў благаслаўлёны, Мітрапаліт Беластоцкі арцыбіскуп Войда атрымаў ад Святога Айца 29 чэрвеня бягучага года ў Рыме.
Арцыбіскуп Тадэвуш Войда быў прызначаны Мітрапалітам 12 красавіка гг. Інгрэс у беластоцкую катэдру адбыўся 10 чэрвеня. Раней на працягу 27 гадоў іерарх быў супрацоўнікам ватыканскай кангрэгацыі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Тэрэсы Марганскай