Skip to main content

Баль Святых адбыўся ў гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай

bal 3Баль Святых ужо ў чарговы раз прайшоў 31 кастрычніка ў гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай (францішканскі касцёл). Акцыя, скіраваная да дзяцей і моладзі, была нагодай да пазнання жыццярысаў святых Каталіцкага Касцёла.

Дзеці і моладзь, убраныя ў адпаведныя касцюмы, што прадстаўлялі святых, наблізілі прысутным іх духоўную біяграфію і іх шлях да святасці.

На балі былі анёлы і арханёлы, Маці Тэрэза з Калькуты, сястра Фаўстына, Францішак Асізскі, Цэцылія і шмат іншых святых Касцёла, якіх мы ўспамінаем на працягу літургічнага года.

У нашу традыцыю вельмі глыбока ўпісана ўрачыстасць Усіх Святых. Гэтая новая акцыя – Баль Святых – з’яўляецца адказам на “свята” Хэлоўін, якое ані з’яўляецца ніякім святам, ані згаджаецца з верай у Хрыста, бо мае язычніцкія карані.

Мэта такіх Баляў Святых – паказаць вернікам, што першы дзень лістапада з’яўляецца днём не сумным, а радасным і кіруе позірк чалавека да неба. Нябеснай жа атмасферы на такіх сустрэчах дастаткова.

Кс. Юрый Марціновіч