Тых, хто дасканала выконваў Божую волю, ушанавалі 1 лістапада ў капліцы Усіх Святых на старых Пабернардынскіх могілках. Св. Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. У літургіі таксама прынялі ўдзел кс. канонік Антоній Грэмза, кс. канцлер Гродзенскай курыі Аляксандр Мацкевіч і кс. Яўген Барысюк.
Могілкі – гэта месца, дзе нельга спаткаць святых, але менавіта надмагільныя помнікі з вялікай выразнасцю гавораць пра тое, што зямное жыццё вельмі кароткае і знікомае. “Урачыстасць Усіх Святых накіроўвае нашыя вочы да іншага свету і адкрывае ісціну, што прызначэнне кожнага чалавека – гэта вечнае жыццё, напоўненае бясконцай радасцю”, - адзначыў падчас гаміліі кс. канцлер.
На заканчэнне св. Імшы Гродзенскі ардынарый благаславіў усіх сабраных рэліквіямі прадстаўніка вялізнай арміі святых – св. Яна Паўла ІІ. Пасля вернікі прайшлі жалобнай працэсіяй на могілках у інтэнцыі усіх тут пахаваных.
Даведка:
1 лістапада - дзень, калі мы ўшаноўваем усіх святых. У першую чаргу тых, імёны якіх Касцёл не вынес перад алтаром, але якія сваім жыццём заслужылі вечнае шчасце ў Божым Валадарстве. Літургія ў гэты дзень мае радасны характар, поўны даверу да моцы і сілы Бога.
У каталіцкай традыцыі супольны культ святых распачаўся з VII стагоддзя і дагэтуль штогод яднае католікаў усяго свету ў супольнай малітве за памерлых.
Тэкст: Ангеліна Марцішэўская
Фота: Вольга Сяліцкая