Skip to main content

Гурт "OPEN" выступіў з канцэртам на сустрэчы моладзі Пінскай дыяцэзіі

gurt open 228 кастрычніка ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце прайшла сустрэча каталіцкай моладзі Пінскай дыяцэзіі на тэму "Маральна-этычныя каштоўнасці сучаснага католіка".

Маладыя і актыўныя хлопцы і дзяўчаты сабраліся для таго, каб разам маліцца, пазнаваць і праслаўляць Бога, правесці гэты час з карысцю і задавальненнем.

На святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка, прысутнічалі святары і моладзь не толькі з Пінскай, але і з Гродзенскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Гэтую сустрэчу моладзі, як падкрэсліў у гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка, можна было назваць сапраўды міждыяцэзіяльнай. Таксама іерарх заахвоціў усіх маладых людзей заўсёды трымаць у руцэ ружанец, бо ён з’яўляецца крыніцай дабрыні, любові і міласэрнасці. Біскуп разважаў на тэму месца Панны Марыі ў нашым жыцці, дзяліўся з моладдзю цікавымі гісторыямі, заклікаў не баяцца аддаць ў рукі Маці Божай усё сваё жыццё.

Кульмінацыяй гэтага дня быў канцэрт гурта Душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі "OPEN" з Гродна, які прыбыў у Брэст разам са сваім душпастырам кс. Антоніем Грэмзам. Усе прысутныя маглі і патанцаваць, і паспяваць знаёмыя песні праслаўлення. Удзельнікі гурта з задавальненнем вялі з моладдзю дыялог, дзяліліся прыкладамі са свайго жыцця і, вядома, дапамагалі сваімі песнямі адкрываць сэрца на Бога Жывога. Тут кожны мог адчуць атмасферу цеплыні, адзінства і дабрыні.

Час праляцеў вельмі хутка, але агонь Святога Духа, які запаліў душы ўдзельнікаў сустрэчы, не згасне, напэўна, яшчэ доўгі час.

Вікторыя Бурч