29 кастрычніка ў лідскай парафіі Святой Сям’і сёстры Кангрэгацыі Дачок Беззаганнай Марыі, якія служаць у гэтай парафіі, дзякавалі Богу за 125 гадоў існавання сваёй супольнасці.
Урачыстую святую Імшу падзякі за служэнне сясцёр узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У ёй удзельнічалі шматлікія парафіяне, якім шмат гадоў ахвярна служаць сёстры. Таксама прыбыла генеральная настаяцельніца Кангрэгацыі Дачок Беззаганнай Марыі с. Дарота Коцьян разам з усім кіраўніцтвам.
Святкаванне круглай гадавіны заснавання супольнасці адбываецца ў тых краінах, дзе служаць дочкі Беззаганнай Марыі. Чарговае з іх прайшло сёлета ў Беларусі. Гэта нагода выразіць Богу ўдзячнасць за дар гэтай манаскай супольнасці, якая сваім харызматам узбагачае Паўсюдны Касцёл.
У дзень святкавання гэтай даты ў Лідзе парафіяне скіроўвалі віншаванні сёстрам, якія ў парафіі займаюцца найперш катэхізацыяй дзяцей і моладзі, здзяйсняюць духоўную апеку над сем’ямі, а таксама выконваюць іншыя абавязкі.
Біскуп Касабуцкі ад імя Касцёла падзякаваў супольнасці, якая клапоціцца ў першую чаргу аб выхаванні новых пакаленняў вернікаў, перадаючы ім хрысціянскія каштоўнасці.
З гісторыі супольнасці
Кангрэгацыя Дачок Беззаганнай Марыі (бесхабітовая) была заснавана 21 лістапада 1891 г. у Закрочыме бл. Ганаратам Казьмінскім пры ўдзеле Валерыі Людвікі Гасяроўскай. Зацвярджэнне Апостальскай Сталіцай атрымала 14 лютага 1934 г. як манаская супольнасць на папскім праве, што абапіраецца на ІІІ Рэгулу Рэгулярнага закону св. Францішка Асізскага.
Рэалізуючы задачы, акрэсленыя заснавальнікам, супольнасць ахоплівае сваёй апостальскай дзейнасцю гарадскую сферу, дбаючы аб выглыбленні рэлігійнага жыцця і пашырэнні культу Маці Божай, асабліва ў таямніцы Яе Беззаганнага Зачацця. Сёстры здзяйсняюць асветніцка-выхаваўчую працу сярод дзяцей і моладзі, а таксама апеку над хворымі і састарэлымі.
Для гэта супольнасці характэрна францішсканская духоўнасць са спецыфічным марыйным аспектам. Жыццё сясцёр згодна з ідэаламі св. Францішка Асізскага праяўляецца найперш у прывязанасці да Касцёла, убостве, пакоры і любові. На ўзор святога з Асізі сёстры стараюцца сузіраць Бога ў Яго стварэнні, жывучы ў любові з усімі людзьмі і ў павазе да навакольнага свету.
У канстытуцыях супольнасці знаходзяцца наступныя словы: “Усе малітвы, працы і аскезу няхай ахвяруюць за святы Касцёл, навяртанне грэшнікаў і кампенсаванне за грахі жыхароў гарадоў”. Таму за ўсіх згубленых на сцежках жыцця і зняволеных “дабротамі” сучаснага свету дочкі Беззаганнай Марыі здзяйсняюць кампенсаванне малітвай і ахвярай.
У духу св. Францішка Асізскага яны выпраўляюць Дом Божы, памятаючы, што духоўнае адраджэнне Касцёла і вяртанне да яго першаснага, евангельскага вобразу патрабуе найперш асабістага навяртання.
У Беларусі сёстры гэтай супольнасці служаць у Лідзе і Свіры (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).
Кс. Юрый Марціновіч