28 кастрычніка ў касцёле святых Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах (Іўеўскі дэканат) адбылася ўрачыстасць у гонар заступнікаў парафіі. На Эўхарыстыі сабралося духавенства дэканату і шматлікія парафіяне.
Святую Імшу цэлебраваў біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна i пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе кс. канонік Уладзімір Гуляй. У гаміліі святар нагадаў жыццярыс святых апекуноў парафіі, да якіх вернікі ўжо шмат гадоў звяртаюцца ў розных патрэбах душы і цела.
На заканчэнне пробашч парафіі кс. Андрэй Буряк падзякаваў усім за ўдзел у адпустовай урачыстасці і выказаў надзею, што святыя апекуны парафіяльнай супольнасці і далей будуць чуваць над вернікамі. Свята завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла.
Святы Сымон, які завецца таксама руплівым, з’яўляецца апекуном мастакоў, ганчароў, грабароў і зваршчыкаў. Евангелле называе св. Сымона ў цесным коле вучняў Пана Езуса. Ён з’яўляецца хіба што найменш вядомым сярод іх. Евангелле ўзгавае аб ім толькі тры разы. Святыя Мацвей і Марк даюць яму мянушку Кананэец (Mц 10, 4; Mк 3, 18). Таму некаторыя Айцы Касцёла дапускалі, што ён паходзіў з Каны Галілейскай і быў маладым чалавекам, на вяселлі якога Хрыстус учыніў першы цуд.
Святы Юда Тадэвуш з’яўляецца апекуном хворых і працаўнікоў службы аховы здароўя. Ён чувае над паспяховасцю аперацый, спрыяе правільнай дыягностыцы. Заступаецца за людзей, што маюць прафесіі з высокай ступенню рызыкі і таму, відавочна, патрабуюць звышнатуральнай апекі.
Аказвае падтрымку ў драматычных і небяспечных сітуацыях пажарным, міліцыянерам. Апостал з’яўляецца таксама заступнікам сужэнскага і сямейнага жыцця. Да яго ўзносяць малітвы аб аздараўленні адносін з блізкай асобай, аб ацаленні сужэнства, якое распадаецца.
Кс. Юрый Марціновіч