Skip to main content

Малітоўная сустрэча, прысвечаная св. Яну Паўлу ІІ, прайшла ў Гродне

jpII ms 322 кастрычніка ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне адбылася малітоўная сустрэча з нагоды літургічнага ўспаміну св. Яна Паўла ІІ. На ёй сабраліся найперш удзельнікі Акадэмічнага душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі “OPEN”, каб яшчэ раз пахіліцца над навучаннем і пасланнем, якое пакінуў Вялікі Папа для свету, асабліва для маладых людзей.

Прысутныя прынялі ўдзел у святой Імшы, пасля якой адбылося чуванне пад назвай “Дарога да святасці”. Маладыя людзі прыглядваліся да зямнога жыцця Яна Паўла ІІ і яго жыццёвага шляху, які прывёў яго да вяршыняў святасці. Таксама яны разважалі над тым, чаму сёння гэты святы можа навучыць сучаснага чалавека, асабліва моладзь, якая вельмі часта губляецца ў жыцці.

jpII ms 2

Можна сказаць, што ў гэты вечар сам святы быў сярод маладых людзей горада Гродна. Ён быў прысутны ў рэліквіях крыві, якія ў гэтым месяцы былі ўнесены ў рэктаральны касцёл і цяпер будуць там знаходзіцца. Для ўсіх вернікаў гэта нагода, каб часта звяртацца да Бога праз заступніцтва святога ва ўсіх сваіх справах цела і душы.

Ян Павел ІІ быў абраны Папам 16 кастрычніка 1978 г. Ён заставаўся на гэтай пасадзе да моманту смерці, якая наступіла 2 красавіка 2005 г.

jpII ms 1

Кс. Юрый Марціновіч

Фота Кацярыны Каракулька