22 кастрычніка ва ўсіх касцёлах і капліцах свету будзе перажывацца Сусветны дзень місій. Згодна з рашэннем Апостальскай Сталіцы, ужо 91 год у перадапошнюю нядзелю кастрычніка мы падтрымліваем сваімі малітвамі і матэрыяльнымі ахвяраваннямі маладыя Касцёлы на місіянерскіх тэрыторыях.
Місійная нядзеля – дзень, калі мы нанова збіраемся вакол Езуса, першага і найвялікшага вестуна Евангелля. У сёлетнім пасланні на гэты дзень Святы Айцец Францішак адзначае: “Касцёл з’яўляецца місіянерскім па сваёй натуры. Калі б так не было, то ён не быў бы Касцёлам Хрыста, а таварыствам сярод многіх іншых, якое вельмі хутка вычарпала б сваю мэту і заняпала”.
У свеце працуе 350 тысяч місіянераў. Місійная нядзеля звяртае ўвагу на тое, як моцна патрэбна місіянерская дзейнасць у свеце, дзе 5 мільярдаў людзей не ахрышчаны. Таму гэты дзень з’яўляецца заклікам да забеспячэння місіянерам разнастайнай падтрымкі, але найперш – да трывалай малітвы ў інтэнцыі місій.
У гэты марыйны месяц, перабіраючы пацеркі ружанца і разважаючы над чарговымі таямніцамі, будзем маліцца за людзей, якія яшчэ не спаткалі Бога, а таксама за тое, каб не было недахопу ў сведках веры і любові, якія гэтым людзям укажуць шлях да Бога.
Даведка
Сусветны дзень місій Апостальская Сталіца ўстанавіла ў 1926 г. па просьбе Папскай місіі па распаўсюджванні веры.
Кс. Юрый Марціновіч