З нагоды ўспаміну святога Лукі, апекуна медыкаў, у шпітальнай капліцы Маці Божай з Люрда ў Лідскай бальніцы адбылася Эўхарыстыя, падчас якой маліліся за службы аховы здароўя.
Святая Імша цэлебравалася ў дзвюх інтэнціях: за ўсіх медыкаў Лідскай бальніцы і за кола Жывога Ружанца, якім апякуецца св. Лука.
На пачатку літургіі была запалена свечка Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда як сімвал Божага святла. У гаміліі a. Андрэй Ядкоўскі CSsR засяродзіў увагу на тым, што ўрач, медыцынская сястра ці брат, санітарка – гэта найперш чалавек, які мае свае радасці і расчараванні, свае перажыванні, праблемы і турботы, які сам можа быць часам пацыентам, гэта значыць і захварэць, і стаміцца... Але ў большасці, дадаў святар, самі пацыенты, на жаль, аб гэтым забываюць, ставяць да ўрачоў часамі занадта высокія патрабаванні.
Далей a. Андрэй Ядкоўскі падкрэсліў важнасць распазнання, ці, дакладней кажучы, разумення свайго паклікання працаваць у медыцынскай службе, быць урачом, медсястрой, санітаркай... "Не вы мяне выбралі, але Я вас выбраў", - кажа Пан. Гэта, адзначыў святар, таксама важная місія служэння хвораму чалавеку, служэння самому Хрысту, і гэта важна зразумець у сваёй працы.
Па словах святара, з горыччу трэба прызнаць, што сёння праца медработніка не такая прэстыжная, высокааплатная, няўдзячная і часам цяжкая. Айцец Андрэй Ядкоўскі заахвоціў не адчайвацца, не апускаць рукі, а чэрпаць сілы ў цішыні на малітве, размаўляючы з нябесным і найлепшым «хірургам».
Напрыканцы Імшы кс. Юрый Бяганскі, душпастыр цэнтральнай раённай бальніцы, падзякаваў за супольную малітву, прысутнасць, а таксама падзякаваў дырэктару бальніцы Вадзіму Трубчыку за магчымасць Богу быць на гэтай шпітальнай зямлі. "Кожны медык мае свае могілкі, як і святар. Жадаю, каб кожны ўрач, медык мелі як мага менш гэтых могілак. Каб Бог даў мудрасці, цярплівасці і цеплыні да хворага чалавека", - пажадаў святар.
JM