Skip to main content

У Гродне памаліліся за спачылых пацыентаў аддзяленняў Хоспіс

 

hospis 513 кастрычніка ў межах мерапрыемстваў, прымеркаваных да Сусветнага дня хоспіснай і паліятыўнай дапамогі, у Гродне адбыўся Дзень памяці і малітвы за спачылых пацыентаў аддзяленняў Хоспіс.

У гродзенскім касцёле Маці Божай Анёльскай (францішканскі) прайшла святая Імша за спачылых пацыентаў дарослых аддзяленняў Хоспіс. На малітве сабраліся валанцёры і супрацоўнікі “Цэнтра Дапамогі Жыццю”, а таксама супрацоўнікі Хоспісаў. Яны памаліліся за ўсіх памерлых пацыентаў разам і за кожнага паасобку.

Арганізатарам гэтай малітвы, якая адбылася і ў праваслаўнай святыні, выступіла сацыяльна-дабрачынная ўстанова “Цэнтр Дапамогі Жыццю”. Дырэктар гэтай установы Алег Гарбачоў адзначыў, што “такія дні памяці сапраўды вельмі важныя, бо немагчыма пераацаніць важнасць малітвы, тым больш супольнай, за памерлага чалавека. Пасля смерці душа ўжо не можа хадайнічаць за сябе перад Панам, а вось жывыя могуць”.

Алег Гарбачоў дадаў, што “Цэнтр Дапамогі Жыццю” заклікае кожнага неабыякавага чалавека памятаць у малітве аб спачылых пацыентах дарослых аддзяленняў Хоспіс. “Гэтая малітва можа быць кароткай і сваімі словамі, можа быць маўклівай, але можа быць і працяглай. Галоўнае – каб яна была ад чыстага сэрца, і тады гэта будзе сапраўды вартай дапамогай”, - адзначыў дырэктар.

Кс. Юрый Марціновіч