15 кастрычніка ў мікрараёне Пагараны ў Гродне быў асвечаны каталіцкі крыж. Ён быў устаноўлены каля праваслаўнага крыжа, які знаходзіцца пры ўездзе ў раён.
Асвячэнне здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у прысутнасці шматлікіх вернікаў, якія хочуць, каб у будучыні для Пагаранаў і Кашэўнікаў была пабудавана святыня. На сённяшні момант дэкрэтам біскупа тут заснавана парафія пад тытулам св. Яна Паўла ІІ. Зараз трывае этап узгаднення ўсіх фармальнасцяў, звязаных з рэгістрацыяй парафіі ў дзяржаўных уладаў.
Асвячэнне крыжа адбылося ў сімвалічны дзень, напярэдадні 39-й гадавіны абрання Яна Паўла ІІ на Апостальскі Пасад. Для вернікаў гэта асаблівы знак, і яны перакананы, што святы Папа дапаможа ім у станоўчым вырашэнні ўсіх справаў і ў будаўніцтве зараз найперш жывога Касцёла, які складаецца з чалавечых сэрцаў.
Затым перад асвечаным крыжом біскуп Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх вернікаў, якія там сабраліся. Іерарх выразіў надзею, што гэтая малітоўная сустрэча пад крыжам стане добрым пачаткам будаўніцтва зараз перш за ўсё духоўнага Касцёла, ці будаўніцтва супольнасці. Біскуп пажадаў, каб ва ўсім гэтым дапамагаў святы апякун Ян Павел ІІ, які ўвайшоў у гісторыю як вялікі чалавек – асабліва як будаўнік міру і надзеі ў свеце.
Ксёндз Генрык Яблонскі, душпастыр вернікаў раёнаў Пагараны і Кашэўнікі, адзначыў, што ўрачыстасць была вельмі прыгожай. Тут сабраліся католікі, якім не абыякавыя справы Касцёла і рэлігіі, якія жадаюць браць актыўны ўдзел у будаванні супольнасці. Для іх гэта важна, яны гатовы цалкам прысвяціць сябе гэтай ідэі.
Падчас урачыстасці ля новаасвечанага крыжа была фігура Маці Божай Фацімскай, якая зараз здзяйсняе перэгрынацыю ў Гродзенскай дыяцэзіі. Вернікі мелі магчымасць даверыць Панне Марыі свае клопаты, прасіць аб тым, каб Яна чувала над кожнай сям’ёй, а асабліва каб апекавалася справай утварэння новай парафіі ў Пагаранах і Кашэўніках у Гродне.
Гродзенская дыяцэзія вельмі многім удзячная святому Пантыфіку. У 1991 г. Ян Павел ІІ паклікаў да існавання гэтую дыяцэзію і прызначыў яе першага біскупа – Аляксандра Кашкевіча. Сёння Касцёл на Гродзеншчыне хоча спрыяць развіццю культу святога Папы.
Доказам гэтага з’яўляецца і парафія Св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні, дзе зараз будуецца святыня, а таксама гэтая, на дадзены момант заснаваная дэкрэтам біскупа, новая парафія ў гродзенскіх Пагаранах і Кашэўніках.
Кс. Юрый Марціновіч