Skip to main content

Ружанцовая малітва сем’яў у 100-годдзе фацімскіх аб’яўленняў адбылася ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля

rozaniec dz 3

13 кастрычніка, у 100-ю гадавіну апошняга аб’яўлення Маці Божай у Фаціме, касцёл Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне запоўніўся дзіцячымі і бацькоўскімі малітвамі. У гэты дзень на ружанцы ў святыні маліліся сем’і.

Набажэнства пачалося спевам і працэсіяй з фігурай Маці Божай Фацімскай, якую суправаджалі дзве дзяўчынкі і хлопчык са свечкамі ў руках – у нагадванне пра партугальскіх пастушкоў Люцыю, Франсішка і Жасінту. На месцы маленькіх сведкаў аб’яўлення Панны Марыі такім чынам змаглі пабыць многія дзеці. Перад разважаннем чарговай таямніцы Ружанца “варта святла” змянялася наступнымі трыма асобамі.

Напачатку ўсе разам вызналі веру словамі Анёла супакою: “О Божа мой, веру Табе…” У гэты вечар святары прапанавалі разважанні радаснай часткі Ружанца, якія выглядалі як дыялогі Марыі з дзецьмі і іх бацькамі. Маці Божая ўспамінала падзеі са свайго жыцця і задавала пытанні адносна жыцця сям’і. Дзеці звярталіся да Яе словамі: “Марыя, Мама Езуса і наша!” Бацькі прасілі дапамогі і заступніцтва для сям’і. Потым усе разам – таты, мамы, дзеці, моладзь – шчыра маліліся ў пададзеных інтэнцыях.

rozaniec dz 5

Напрыканцы святар удзяліў благаслаўленне, і пад спеў “Марыя – Божая Маці, Маці Хрыста” фігура Маці Божай у працэсіі была вынесена з касцёла. Гэтае дзеянне азначала апошняе аб’яўленне Марыі ў Фаціме.

У касцёле і, можна спадзявацца, у сэрцах удзельнікаў набажэнства яшчэ доўгі час панавала незвычайная атмасфера радасці ад сустрэчы і размовы з прыгожай Паннай з неба.

Марына Жыбартовіч-Протас

Фота Аляксандра Сергеюка