Skip to main content

У Гродне распачаўся Нацыянальны капітул Францішканскага ордэну свецкіх

fr orden 5

13 кастрычніка ў Гродне пры парафіі Маці Божай Анёльскай (францішканскі касцёл) распачаўся ІІІ Нацыянальны капітул Францішканскага ордэну свецкіх у Беларусі. Мерапрыемствы капітула адбываюцца пад дэвізам “Будзьце святымі, бо Я Святы” (Лев 11, 44).

У капітуле, які працягнецца да 15 кастрычніка, прымаюць удзел тыя, хто абавязаўся весці жыццё паводле Евангелля па прыкладзе св. Францішка з дапамогай Рэгулы, зацверджанай Касцёлам. Праграма капітула ўключае ўдзел у набажэнствах, тэматычныя канферэнцыі і знаёмства са справаздачай аб дзейнасці Нацыянальнай рады Францішканскага ордэну свецкіх у Беларусі. Таксама сабраныя прымуць удзел у тэматычных дыскусійных групах, дзе спыняцца над францішканскай духоўнасцю і тоеснасцю і над пашырэннем евангельскага паслання ў сваім асяроддзі.

Трохдзённыя мерапрыемствы завершацца абраннем новага нацыянальнага настаяцеля, намесніка настаяцеля, дарадчыкаў і абраннем дэлегата ў Міжнародную раду Францішканскага ордэну свецкіх.

У дзень распачацця капітула святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі іерарх узгадаў пра апекуна гэтага дня, благаслаўлёнага Ганарата Казьмінскага, які ўвайшоў у гісторыю Касцёла і францішканаў як заснавальнік 26 тэрцыярскіх таварыстваў, з якіх паўстала 16 манаскіх супольнасцяў, у тым ліку 13 бесхабітовых.

“Айцец Ганарат зразумеў, што праз простыя, штодзённыя справы можна весці людзей да Бога і дапамагаць ім у асвячэнні і духоўным удасканаленні”, – дадаў іерарх.

Біскуп падзякаваў членам Францішканскага ордэну свецкіх за штодзённую малітву і служэнне Касцёлу, якімі яны так моцна ўзбагачаюць яго духоўна. Гродзенскі ардынарый заўважыў, што адна з найпрыгажэйшых і найважнейшых рысаў тэрцыярства, якая надае яму вялікую вартасць, - гэта яго схаваны характар.

“Гэтую ўкрытую прысутнасць тэрцыярыяў у Касцёле і свеце можна параўнаць да хлебнай закваскі, якая заквашвае ўсё цеста ў адной з Езусавых прыпавесцяў, або да дробкі солі, якая надае стравам смак і захоўвае іх ад псавання”, - адзначыў іерарх.

Звяртаючыся да духоўных сыноў і дачок святога Францішка Асізскага, біскуп прасіў, каб яны і далей “сваёй прысутнасцю, малітвай, паводзінамі, руплівай і сумленнай працай, добрым словам і ўчынкам змянялі свет вакол сябе, рабілі яго больш чалавечым, памнажалі ў ім мір і дабро, згодна з францішканскім заклікам”.

“Там, дзе вы ёсць, у сем’ях і супольнасцях, на месцах працы і пражывання, Пан Езус выкарыстоўвае вас, каб паказаць людзям сваю бясконцую любоў”, – дадаў біскуп Кашкевіч.

fr orden 12

Даведка:

Францішканскі ордэн свецкіх – гэта група людзей, якія ставяць сабе мэтай імкненне да хрысціянскай дасканаласці па прыкладзе св. Францішка, жывучы ў свеце. Яны стараюцца імкнуцца да дасканаласці праз:

- фармаванне на ўзор Пана Езуса свайго спосабу мыслення праз поўную і дасканалую ўнутраную перамену, якую Евангелле называе “навяртаннем”,

- ачышчэнне сэрца ад злых схільнасцяў, жадання валодання і панавання,

- будаванне братэрскай супольнасці і евангельскага свету ў кожнай сітуацыі,

- барацьбу са спакусамі, пашыраючы на месцах працы і дома паняцце паўсюднага дабра і братэрства,

- нясенне людзям радасці і надзеі ў кожны час і ў кожным месцы,

- гарачую малітву: індывідуальную і супольную,

- чыненне міласэрнасці як бескарыслівых учынкаў для бедных і патрабуючых.

Акрамя падтрымкі духу малітвы і сакрамэнтальнага жыцця, яны ўдзельнічаюць у рэкалекцыях, днях засяроджання, пілігрымках і іншых формах духоўнага ўдасканалення. Яны адкрыты на ўсіх. Кожны католік – мужчына і жанчына, незалежна ад грамадскага становішча, – можа быць прыняты ў гэтую супольнасць і знайсці сваё ўласнае месца.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: а. Павел Раманчук OFM Conv