9 кастрычніка парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзярэчыне наведаў брат Жан-Данiэль з супольнасцi Тэзэ (Францыя). Для сустрэчы была падрыхтавана цiкавая праграма.
Вечарам у касцёле адбылася святая Імша, якую ўзначалiў пробашч парафіі кс. Яўген Учкуронiс. Сярод прысутных былi сёстры законныя, госцi з iншых парафiй Гродзеншчыны, а таксама кс. Віталій Слука SchP і дэкан Слонiмскага дэканата кс. Iгар Анiсiмаў.
Пасля Імшы пачалася малітва ў духу Тэзэ. Прысутныя нiбы апынулiся ў казачнай прасторы. Промнi запаленых свечак усцiлалi шлях да ўпрыгожанага крыжа, перад якiм на каленях у белым адзеннi схiлiўся брат Жан-Даніэль.
Касцёл нiбы заззяў на вячэрнiм небасхiле. Вернікі пагрузiлiся ў глыбокi роздум сумеснай малітвы, якую ўпрыгожваў спеў гродзенскiх вакалалiстак, майстэрская ігра арганісткі Людмілы Казлоўскай і гукі гітары ксяндза Iгара Анiсiмава.
Напрыканцы малiтвы адбылася адарацыя крыжа, калі кожны мог аддаць свае патрэбы i просьбы ў рукi Пана.
Пасля сумеснага памятнага фотаздымка святароў i гасцей з братам Жанам-Даніэлем сустрэча працягнулася. Сабраўшыся ў дружным коле, удзельнікі прагледзелi вiдэаматэрыял аб наведвальнiках Тэзэ, пасля чаго кожны мог задаць пытанні. Але гэта былі не проста пытанне i адказ, а цiкавая размова людзей, якія нiбы даўно ведаюць адно аднаго.
Брат Жан-Данiэль пакінуў у сабраных уражанне чалавека вельмi простага i вясёлага, з глыбокiм поглядам i шчырым сэрцам. Пасля сустрэчы прысутныя дзецi ўсхвалявана крычалi: “Мама, калі мы паедзем у Тэзэ?!”
Парафіяне вельмі ўдзячныя кс. Яўгену Учкуронiсу, кс. Iгару Анiсімаву і самому госцю з Тэзэ за магчымасць гэтай сустрэчы і хочуць, каб брат Жан-Данiэль разам з салодкiмi прысмакамi i выявай дзярэчынскага касцёла забраў з сабой і часцiнку іх сэрцаў, каб падзялiцца іх верай з iншымі хрысцiянамi свету.
Алеся Фiлiпава