У свята Маці Божай Ружанцовай, 7 кастрычніка, брат Павел Марыя Расілевіч, які паходзіць з гродзенскай катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя, склаў вечныя манаскія абяцанні ў касцёле св. Міхала Арханёла ў Івянцы.
Гэтая незвычайная рэлігійная падзея сабрала не толькі манахаў з Законy Братоў Меншых Канвентуальных (францішканаў) з усёй Беларусі, але і з-за яе мяжы: прыехалі семінарысты і айцы, якія паходзяць з нашай краіны. Таксама на літургію прыбылі родныя манаха, вернікі з Івянца, скаўты і парафіяльныя душпастырскія групы. Прыняць удзел у свяце прыбыла і моладзь з Душпастырства TAU і міністранты з францішканскай парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне.
На рукі айца дэлегата брат Павел склаў абяцанні паслухмянасці, чыстасці і ўбоства. Для манаха гэта ключавы момант у яго жыцці, таму што ў прысутнасці вернікаў, Касцёла і манаскіх уладаў ён дэкларуе, што хоча жыць па прыкладзе св. Францішка, а той, хто прымае абяцанні, ад імя Касцёла і Бога гарантуе, што, калі манах споўніць гэтыя абяцанні, то атрымае жыццё вечнае.
У гаміліі айцец дэлегат прыгадаў сабраным пытанне Езуса да св. Пятра: «Калі ж яны паснедалі, Езус сказаў Сымону Пятру: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?» Той адказаў Яму: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе».
«Сёння Езус узглянуў на цябе, Павел, і кіруе да цябе гэта пытанне: «Ці любіш Мяне болей, чым яны?» І ты адказваеш: «Так». Адказваеш, што хочаш любіць Езуса болей, глыбей, больш ахвярна і больш шчыра, чым усе. Выбіраеш дарогу прыгожую, але цяжкую, таму памятай пра Марыю Ружанцовую, у свята якой ты складаеш абяцанні, няхай Яна апякуецца табой і будзе для цябе ахоўніцай і дапамогай у тваім манаскім жыцці», – сказаў айцец дэлегат.
Манаскія браты, хоць не прымаюць прэзбітэрскага пасвячэння, спаўняюць шэраг іншых функцый. Акрамя працаў у сакрыстыі, у кухні ці працаў, звязаных з функцыянаваннем кляштара і касцёла, Закон стварае магчымасць ажыццяўлення іншай, прыстасаванай да сучасных рэалій дзейнасці, як вучоба ці апека над групамі, якія дзейнічаюць пры францішканскіх супольнасцях.
А. Павел Раманчук OFM Conv
Фота a. Караля Бараноўскага OMF Conv