7 кастрычніка, у свята Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе (Мастоўскі дэканат). У гістарычнай святыні іерарх узначаліў Імшу ў інтэнцыі ўсіх парафіян.
Пробашч парафіі кс. Віктар Мыслюк, вітаючы біскупа і прыбылых святароў, адзначыў, што для вернікаў парафіі вялікі прывілей у гэты асаблівы марыйны дзень разам маліцца, асабліва на ружанцы, аб чым прасіла сама Марыя падчас аб’яўленняў у Фаціме.
Біскуп Кашкевіч, звяртаючыся да вернікаў, заклікаў, каб асабліва ў гэтым месяцы кожны браў у рукі ружанец і маліўся найперш аб міры ў свеце, у кожнай сям’і і ў сваім сэрцы. Іерарх заахвоціў, каб гэтая малітва стала штодзённай для ўсіх пакаленняў.
Гродзенскі ардынарый дадаў, што праз гэтую малітву можна выпрасіць патрэбныя ласкі, якія сёння, як ніколі, патрэбныя чалавеку ў будаванні міру, еднасці і згоды.
На заканчэнне ўрачыстасці біскуп асвяціў фігуру Пана Езуса Міласэрнага, якая будзе змешчана звонку касцёла.
Свята Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай было ўстаноўлена на ўспамін перамогі хрысціянскага флоту над турэцкімі войскамі ў бітве пад Лепанта ў Карынфскім заліве 7 кастрычніка 1571 г.
Турэцкі слутан Селім ІІ хацеў тады заваяваць усю Еўропу і ўстанавіць у ёй іслам. На вестку аб набліжэнні вайны тагачасны Папа св. Пій V, дамініканін і вялікі шанавальнік Маці Божай, распачаў гарачае прамаўленне ружанцовай малітвы ў інтэнцыі стрымання ўварвання на Стары Кантынент.
Папа быў перакананы, што хрысціянская Еўропа ўдзячная ўратаванню Панне Марыі, і ўстанавіў 7 кастрычніка святам Маці Божай Ружанцовай, дазваляючы адзначаць яго ў касцёлах, дзе існавалі ружанцовыя брацтвы. У падзяку за чарговую перамогу над туркамі ў 1716 г. пад Бялградам Папа Клімент ХІ пашырыў свята на ўвесь Касцёл. У канцы ХІХ ст. Леў ХІІІ пастанавіў прамаўляць Ружанец на працягу ўсяго кастрычніка.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Марыны Арабок