2 кастрычніка, у літургічны ўспамін святых Анёлаў Ахоўнікаў, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч здзейсніў кананічную візітацыю парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе.
Іерарха на ўваходзе ў святыню сардэчна прывіталі пробашч парафіі і шматлікія вернікі.
Пробашч кс. Андрэй Зноска прадставіў гісторыю парафіі, а таксама нарыс малітоўных груп, якія існуюць пры ёй. У прысутнасці біскупа святар падзякаваў парафіянам, якія атачаюць вялікім клопатам сваю святыню, і выказаў ім удзячнасць за трыванне пры Касцёле і ўдзел у рэлігійным жыцці сваёй парафіяльнай супольнасці.
Святую Імшу біскуп Кашкевіч цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх вернікаў, якія належаць да парафіі, атачаючы асаблівымі малітвамі дзяцей і моладзь – будучыню Касцёла і свету.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыў, што кожнаму чалавеку трэба часта звяртацца да свайго анёла ахоўніка і слухаць добрых анёлаў, якія заўсёды спяшаюцца чалавеку на дапамогу. “Бо мы бачым, што зло не спіць, а працягвае атакаваць чалавека. Шатан, ці анёл, які ўпаў, пагардзіў Богам, не мог знесці таго, што яго Пан так палюбіў чалавека”, – дадаў святар.
На заканчэнне літургіі біскуп Аляксандр Кашкевіч заклікаў да штодзённага практыкавання ружанцовай малітвы, адзначыўшы, што месяц кастрычнік з’яўляецца добрай нагодай да таго, каб нанова адкрыць сілу і моц гэтай малітвы. Іерарх падкрэсліў важнасць інстытуту сям’і, ад якой залежыць будучыня наступных пакаленняў. Гродзенскі ардынарый заахвоціў, каб кожная сям’я была домам малітвы, дзе будуць клапатліва захоўвацца і перадавацца хрысціянскія каштоўнасці.
Пасля Імшы адбылася сустрэча з удзельнікамі ружанцовых колаў, якія існуюць пры парафіі. Гэта супольнасць вернікаў рознага ўзросту, якія ўтвараюць сем ружаў Жывога Ружанца. Біскуп падзякаваў вернікам, якія моляцца на ружанцы, за кожную іх “Вітай, Марыя” і ахвяры ў інтэнцыі Касцёла. Іерарх падзякаваў таксама пробашчу, які з’яўляецца дл сваіх парафіян правадніком у веры і чувае над рэлігійным жыццём людзей, давераных яму Касцёлам.
JM
Фота Паўла Догеля