Skip to main content

Уступленне на пасаду новага пробашча ў Мсцібаве: прыміце мяне як свайго

 

mscibava 830 верасня ў парафіяльным касцёле св. Яна Хрысціцеля ў Мсцібаве (Ваўкавыскі дэканат) адбылося ўрачыстае ўступленне на пасаду новага пробашча – кс. Андрэя Пышынскага.

Падчас святой Імшы кс. Андрэй Пышынскі склаў публічнае вызнанне веры ў прысутнасці кс. каноніка Алега Дуля, дэкана Ваўкавыскага дэканату, i шматлікіх вернікаў парафіі і абавязаўся да руплівага служэння сярод сваіх новых парафіян.

Ксёндз Алег Дуль, звяртаючыся да вернікаў, заклікаў іх да малітвы за новага пробашча і за ўсіх святароў.

У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыў, што прыступанне пробашча да абавязкаў у парафіі прыпадае ў першы дзень кастрычніка, які называецца ружанцовым месяцам.

“Таму на парозе служэння ксяндза Андрэя ў вашай парафіі атачыце яго асобу сваімі малітвамі, каб ён мог упэўненым крокам весці вас да Бога. Каб вы разам ішлі да той канчатковай мэты, якой з’яўляецца збаўленне нашай душы”, – дадаў кс. Марціновіч.

mscibava 16

Вернікі прывіталі новага пробашча цёплымі словамі, у якіх пажадалі, каб ён адчуваў сябе сярод іх як дома і быў іх правадніком да Бога. Яны пажадалі яму з адвагай і маладым запалам найперш служыць усім, каго Бог будзе ставіць на яго святарскім шляху.

“Прыміце мяне як свайго. Я хачу разам з вамі скіроўвацца да мэты, якой з’яўляецца збаўленне нашай душы”, – звярнуўся да сваіх новых парафіян кс. Пышынскі. Святар адзначыў, што будзе старацца адпавядаць усім патрабаванням, якія будуць ставіць да яго вернікі, і такім чынам жадае з вялікай адданасцю служыць Богу, Касцёлу і сваім парафіянам, якія сталі яго сям’ёй.

Урачыстасць завяршылася ружанцовай малітвай і эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні.

JM