30 верасня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі кс. прэлат Юзаф Трубовіч адзначыў 61-ю гадавіну прэзбітэрскага пасвячэння. Падчас урачыстай святой Імшы найстарэйшы ў Беларусі святар дзякаваў Богу за дар святарства, сваё служэнне і за ўсіх людзей, якіх Божы Провід паставіў на яго шляху жыцця.
Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў кс. Юрый Марціновіч, адзін з наймалодшых выхаванцаў кс. Трубовіча. Ксёндз Марціновіч адзначыў, што маладыя святары, а асабліва тыя, якія паходзяць з гэтай парафіяльнай супольнасці, дзе ўжо амаль 17 гадоў служыць кс. Трубовіч, вельмі многім яму ўдзячныя. Святар дадаў, звяртаючыся да ксяндза прэлата, што ён нагадвае іншаму духавенству, што святарства павінна быць адным вялікім служэннем Пану Богу, Касцёлу і людзям.
“Ксёндз прэлат нагадвае нам, што святар павінен згарэць, як свечка на алтары, але, больш за тое, павінен быць святлом для іншага чалавека. Таму з кожным днём мы ўзрастаем да гэтага. Мы стараемся служыць, бо гэта аснова святарскага жыцця”, – сказаў кс. Юрый Марціновіч.
Віншаванні кс. прэлату Юзафу Трубовічу скіравалі дзеці, моладзь і старэйшыя вернікі. Усе яны дзякавалі найперш Богу за святарства, што ўжо столькі гадоў рэалізуецца ў жыцці іх душпастыра, які жыве для Хрыста і з’яўляецца нястомным сведкам Укрыжаванага.
Таксама яны дзякавалі ксяндзу прэлату за прыгожы прыклад служэння, за тое, што ён з’яўляецца настаўнікам і духоўным правадніком для вернікаў; за ўсе гэтыя гады сведчання веры, любові да Хрыста, вернасці пакліканню і пакорнага, бескарыслівага, нястомнага служэння чалавеку.
Асабліва яны дзякавалі кс. Юзафу Трубовічу за тое, што ён, нягледзячы на свой узрост, мае для кожнага час і сэрца, глядзіць на кожнага з любоўю і павагай, як на Божае дзіця. Яны дзякавалі за кожнае слова, напоўненае верай і Божым духам, і за будуючы прыклад сапраўднага святарства, які ён усім дае.
На заканчэнне ўрачыстасці да прысутных звярнуўся кс. прэлат Трубовіч. Традыцыйна ён прасіў аб малітве ў інтэнцыі новых пакліканняў да служэння ў Касцёле і аб малітве за святароў. Ксяндза прэлата вельмі клапоціць тое, каб былі новыя пакліканні, каб святары з вялікай руплівасцю абвяшчалі Божае слова і былі найперш прыкладам для іншых.
Ксёндз Юзаф Трубовіч адзначыў, што яго святарскае сэрца найбольш радуецца тады, калі ён бачыць вернікаў у касцёле. “Я заўсёды стараўся абвяшчаць Хрыста не праз казкі, не праз легенды і не праз анекдоты, але кожны раз падкрэсліваў і працягваю падкрэсліваць, што Бог з’яўляецца Праўдай”, – дадаў святар.
Дзякуючы ўсім за прыбыццё і за малітву, ксёндз прэлат сказаў: “Дзякую за гэты наш сённяшні літургічны сход і дар супольнай малітвы. Так, як сёння, мы калісьці станем перад Хрыстом. І як тыя, хто ідуць, гэтак жа і тыя, якія іх праводзяць”.
Жадаем ксяндзу прэлату Божага благаслаўлення і патрэбных сіл на далейшыя доўгія гады служэння нашаму Касцёлу!
Ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч нарадзіўся на Віцебшчыне ў вёсцы Невярышкі 6 студзеня 1926 г. Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Рызе (Латвія), там жа атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Казіміра Дульбіньскага 30 верасня 1956 г. Пасля пасвячэння 20 гадоў працаваў у Латвіі. Затым прыехаў у Гродна і на працягу 12 гадоў працаваў у францішканскім касцёле.
У 1988–1992 гг. быў прэфектам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Рызе. Затым 7 гадоў быў пробашчам катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
З 1999 г. з’яўляецца рэзідэнтам у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне.
JM