Skip to main content

Фігура Маці Божай Фацімскай распачала свой шлях праз Гродна

dziewiatoukap 14

Паступова падыходзіць да завяршэння перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай у Гродзенскай дыяцэзіі. Яна адбывалася ў асаблівы час, калі Каталіцкі Касцёл перажывае сотую гадавіну аб’яўленняў Панны Марыі ў Партугаліі, дзе Яна ўказала свету праграму на жыццё: праз навяртанне, пакаянне, Ружанец.

Фігура Маці Божай Фацімскай пасля наведвання 14 дэканатаў дыяцэзіі, дзе яе прымалі з вялікім энтузіязмам, а найперш з верай, распачала свой шлях па двух апошніх дэканатах – Гродна-Усход і Гродна-Захад.

Такім чынам, яна прыбыла да жыхароў Гродна, якія, сустракаючы сваю найлепшую нябесную Маці, перажываюць гэты час як своеасаблівыя рэкалекцыі аднаўлення рэлігійнага жыцця. Гэтыя рэкалекцыі засноўваюцца на пераацэнцы каштоўнасцяў свайго жыцця і поглядзе на яго, так, каб, паводле фацімскага паслання, выправіцца і стаць лепшым чалавекам.

28 верасня фігуру сустракалі вернікі адной з самых вялікіх гродзенскіх парафій – Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка), дзе з самага пачатку служылі і працягваюць служыць айцы з Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля (рэдэмптарысты).

Мноства вернікаў выйшла на сустрэчу сваёй Маці, якая прыбыла да іх з важным і моцным заклікам: “Пакаяння! Пакаяння! Пакаяння!”, “Штодзённа прамаўляйце Ружанец!” Вернікі прынялі ўдзел у святой Імшы, падчас якой асаблівым чынам маліліся ў інтэнцыі ўсіх сем’яў парафіі, каб кожная з іх была хатнім Касцёлам. Затым яны трывалі ў малітоўным чуванні перад фігурай, скіроўваючы да Панны Марыі свае самыя схаваныя інтэнцыі, просьбы і падзякі.

На малітве перад фігурай Маці Божай трывалі і маладыя людзі, што часта знаходзяцца на жыццёвым раздарожжы і шукаюць свайго шляху жыцця, разважаючы над пакліканнем. Для ўсіх вернікаў сустрэча з Марыяй была выключным часам і ласкай, каб даверыць Ёй свой сённяшні і заўтрашні дзень.

dziewiatoukap 15

Дзеці, моладзь і дарослыя на малітве адкрывалі дзверы свайго сэрца, каб Маці Божая магла ўбачыць усе праблемы, тое, што іх радуе і засмучае. Вернікі гродзенскай парафіі жадаюць і надалей, гледзячы на Поўную Ласкі, кожны дзень згаджацца з Божым планам і ўсведамляюць, што “Fiat”, прамоўлены Богу ў поўнай свабодзе, чыстым сэрцам, без страху, робіць іх сапраўды шчаслівымі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота Аляксандра Сергеюка