Skip to main content

У Мінску праходзіць пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы

pasiadzennie 10

З 28 верасня па 1 кастрычніка ў Мінску праходзіць пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ) — найбольш уплывовай касцёльнай арганізацыі ў Еўропе. Сёлетняе пасяджэнне прысвечана моладзі і будучыні нашага кантынента як супольнага дома.

У беларускую сталіцу прыбылі на форум 45 старшыняў і прадстаўнікоў біскупскіх канферэнцый з розных краін Еўропы. Беларусь прадстаўляе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, старшыня беларускага епіскапату.

У адкрыцці пленарнага пасяджэння, якое ўпершыню праходзіць у Беларусі, прынялі ўдзел іерархі з Гродна: біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Таксама ў адкрыцці ўдзельнічаў рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Раман Рачко.

У межах асамблеі, у першы дзень пасяджэння яго ўдзельнікі сустрэліся ў Палацы Незалежнасці з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Таксама яны наведалі супольнасць грэка-католікаў у Мінску, прынялі ўдзел у сустрэчы з Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, а вечарам цэлебравалі святую Імшу ў касцёле святых Сымона і Алены, якую ўзначаліў канадскі кардынал Марк Уэлле, прэфект ватыканскай Кангрэгацыі па справах Біскупаў.

pasiadzennie 20

Вынікам пленарнага пасяджэння стане заключны дакумент, змест якога будзе ўзяты пад увагу пры падрыхтоўцы наступнага Сінода Біскупаў па пытаннях моладзі, які пройдзе ў Рыме ў жніўні 2018 г.

Даведка

Рада Канферэнцый Біскупаў Еўропы бяре свой пачатак з 1965 года, калі падчас сустрэчы 13 кіраўнікоў нацыянальных епіскапатаў у Рыме быў заснаваны камітэт, накіраваны на развіццё магчымасцяў для больш цеснага супрацоўніцтва на ўзроўні мясцовых епіскапатаў. Устаноўчы сход Рады адбыўся 23-24 сакавіка 1971 года.

Кс. Юрый Марціновіч