28 верасня ў Палацы Незалежнасці Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка сустрэў каталіцкіх біскупаў 45 краін Еўропы, якія прыбылі ў Мінск на пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы. У сустрэчы прынялі ўдзел таксама іерархі Гродзенскай дыяцэзіі - біскуп Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі.
Падчас спаткання прэзідэнт адзначыў, што прыезд у Мінск такіх высокіх прадстаўнікоў каталіцкага духавенства расцэньваецца "як знак асаблівай павагі да веруючых католікаў Беларусі".
Кіраўнік краіны дадаў, што пасяджэнне біскупскіх канферэнцый Еўропы ў многім сімвалічнае. У гэтым годзе Беларусь святкуе 500-годдзе выдання першай друкаванай кнігі на старабеларускай мове. Акрамя гэтага, сёлета прыпадае 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам.
У ходзе сустрэчы беларускі лідэр асаблівым чынам закрануў тэмы важнасці ролі рэлігійных канфесій ва ўрэгуляванні канфліктаў і ўпадку маральнасці ў грамадстве, у аснове якога ляжыць бездухоўнасць.
У сваю чаргу з боку прадстаўнікоў духавенства было закранута пытанне супрацоўніцтва дзяржавы і Касцёла ў галіне служэння замежных святароў.
"У атмасферы добрага супрацоўніцтва дзяржаўнай улады з рознымі хрысціянскімі Цэрквамі краіны мы ўпэўненыя, што пытанні адносна дазволу на пражыванне і працу для замежных святароў і адносна касцёльнай маёмасці — а яны абодва жыццёва важныя для місіі евангелізацыі — могуць быць вырашаны ў эфектыўным і актуальным дыялогу з удзелам усіх", — адзначыў старшыня Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы кардынал Анджэло Баньяска.
Паводле Catholic.by