26 верасня фігура Маці Божай Фацімскай, якая здзяйсняе перэгрынацыю ў Гродзенскай дыяцэзіі, прыбыла ў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне. Усе пакаленні вернікаў віталі Панну Марыю ў фацімскай фігуры з вялікай узрушанасцю і надзеяй.
Асабліва была бачнай прысутнасць дзяцей і моладзі, якія прыйшлі, заахвочаныя словамі бацькоў і катэхетаў, каб перажыць гэтую выключную і асаблівую хвіліну. Са спевам марыйнай песні вернікі крочылі праз сваё мястэчка, несучы фігуру ў святыню.
Размясціўшы фігуру на падрыхтаваным алтары, да Панны Марыі са словамі прывітання звярнуліся пробашч парафіі, бацькі, моладзь і дзеці. У кожнай з прамоваў былі словы ўдзячнасці за ўсе атрыманыя ласкі і выслуханыя просьбы. Таксама вернікі выказвалі жаданне выпраўлення свайго жыцця, бо менавіта да гэтага заклікала 100 гадоў таму Фацімская Пані, а прычынай прамаўлення гэтых словаў стаў боль Яе вялікага матчынага сэрца.
Затым распачалася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў кс. Антоні Абухоўскі, пробашч парафіі. У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі ў Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыў важнасць фацімскага паслання ў нашы часы.
“Сёння мы стаім з трапятаннем сэрца, асабліва калі бачым, як шмат народаў і грамадстваў – як шмат хрысціян – пайшло ў накірунку, адваротным таму, які ўказвае фацімскае пасланне”, - дадаў святар.
Ксёндз Марціновіч заўважыў, што Марыя, аб’яўляючыся ў Фаціме, нагадала, што шатан сапраўды быў пераможаны Хрыстом, але ўсё яшчэ, на жаль, мае моц шкодзіць паасобным людзям і цэлым грамадствам.
Пасля Імшы адбылася працэсія з фігурай вакол святыні. Вернікі, трымаючы запаленыя свечкі, выразілі сваё жаданне заўсёды ісці ў кірунку святла, якое асабліва зыходзіць з Фацімы і ўказвае канкрэтны шлях да Бога – праз навяртанне, пакаянне і малітву.
Безумоўна, гэтая сустрэча з Паннай Марыяй умацавала парафіян у веры і дадала патрэбнай надзеі, каб у сённяшнія неспакойныя часы быць вартаўнікамі сапраўднага міру, заснаванага на справядлівасці і прабачэнні, праўдзе і міласэрнасці.
Пасля сустрэчы з Маці Божай вернікі пакідалі святыню з канкрэтнай пастановай выпраўлення, абяцаючы Марыі, што гэтае фацімскае пасланне стане іх жыццёвай праграмай; усведамляючы, што ўсе фацімскія парады і перасцярогі маюць на мэце выключна дапамагчы пазбягаць памылак, катастроф, цярпення, а найперш – вечнай смерці. Бо, як казала Найсвяцейшая Маці, “шмат душаў ідзе ў пекла”.
Наведваннем фігурай гэтай парафіі завяршылася перэгрынацыя ў Сапоцкінскім дэканаце. У бліжэйшы час фігура наведае два апошнія дэканаты: Гродна-Усход і Гродна-Захад.
JM