Skip to main content

Фармацыйная сустрэча для маладых святароў адбылася ў Навагрудку

sustrecza 7

25-26 верасня ў кляштары манахінь Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) у Навагрудку адбылася фармацыйная сустрэча для святароў ад 1 да 8 гадоў святарства, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.

У межах сустрэчы быў запланаваны час на супольную і індывідуальную малітву, канферэнцыю і святую Імшу.

Святары выслухалі канферэнцыю на тэму "Прарочая місія Фацімы – тэалагічны абшар", з якой выступіў кс. кан. Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна, а таксама ўдзельнічалі ў дыскусіі. Тэма канферэнцыі была асабліва актуальнай, бо Касцёл перажывае 100-годдзе аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме.

sustrecza 3

sustrecza 1

Сустрэча завяршылася святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі кс. Ян Сарэлa, адказны мадэратар за пастаянную фармацыю святароў у Гродзенскай дыяцэзіі, падкрэсліў асабліва аспект еднасці ў святарскай сям’і.

sustrecza 4

Святар адзначыў, што вельмі важнай справай з’яўляецца будаванне супольнасці праз удзел у такіх фармацыйных сустрэчах, якія пашыраюць душпастырскія гарызонты і служаць аднаўленню духу. Ксёндз Сарэла дадаў, што сёння людзі хочуць бачыць у святары не толькі настаўніка, але найперш сведку веры, які сваім штодзённым жыццём будзе ўказваць ім шлях да Бога.

sustrecza 6

На заканчэнне біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што жыццё кожнага чалавека, а тым больш святара, павінна быць нястомным здабываннем ведаў і імкненнем да таго, каб пастаянна развівацца. Іерарх адзначыў, што кожны святар павінен мець “чулае сэрца, адкрытае на кожнага чалавека”, і “апостальскі дух”, які будзе ажыўляць усялякую душпастырскую дзейнасць.

sustrecza 2

Наступная фармацыйная сустрэча для маладых святароў Гродзенскай дыяцэзіі запланавана на лістапад гг.

Кс. Юрый Марціновіч