Skip to main content

Каманда з парафіі Грандзічы перамагла на Рэспубліканскім турніры па міні-футболе ў Слоніме

futbol 21

23 верасня ў Слоніме адбыўся ХІІІ Рэспубліканскі турнір па міні-футболе памяці св. Яна Паўла ІІ. Сёлета спартыўнае мерапрыемства сабрала 18 каманд з усёй Беларусі (4 з Гродна, з Ліды, Маладзечна, Сапоцкіна, Брэста, 2 з Мінска, Баранавіч, Пастаў, Новай Мышы, 2 са Слоніма, Докшыц, Грандзіч, Воранава).

Удзельнікаў у чарговы раз прымала парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Раніцай адбылася святая Імша, якую цэлебраваў кс. Ігар Анісімаў, дэкан і пробашч слонімскай парафіі. Гамілію прамовіў кс. Антон Абухоўскі, пробашч парафіі ў Сапоцкіне. У ёй святар звярнуў увагу, што Бог любіць кожнага і ў сваёй любові дае нам права выбару. "Сёння Ён даў нам турнір як прапанову для праяўлення любові і развіцця сябе як асобы, - дадаў кс. Абухоўскі. – Перад намі выбар: або праявіць сябе з лепшага боку, або згубіць цудоўную магчымасць даць сведчанне пра Бога і Яго любоў". Святар нагадаў, што св. Ян Павел ІІ сам займаўся спортам, у маладосці гуляў у футбол і заўсёды вёў спартыўны лад жыцця, а таксама казаў: "У спорце выяўляюцца не толькі багатыя фізічныя магчымасці чалавека, але і яго інтэлектуальныя і духоўныя здольнасці. Ён засноўваецца не толькі на фізічнай моцы і здольнасці мускулаў, але таксама мае душу і таму павінен у паўнаце праяўляць сваё аблічча". 

futbol 3

Затым арганізатар турніру кс. Артур Малафей прачытаў ліст біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, адрасаваны ўдзельнікам.

Пасля Імшы сабраным быў прадстаўлены фільм «Хроніка турніру па футболе 2016 года». Потым каманды накіраваліся на футбольнае поле, дзе перад пачаткам спаборніцтваў са словам прывітання звярнуўся генеральны спонсар турніру Баляслаў Івашка (ААТ «ВИБОТОРГ»). Удзельнікі былі падзелены на чатыры групы. Правёўшы па тры матчы ў сваіх групах, яны выявілі пераможцаў.

Пасля абеду каманды выйшлі разыгрываць выніковыя месцы з 1-га па 18-е. Усе матчы праходзілі ў бескампраміснай барацьбе, не адзін раз прыхозілася прабіваць пасляматчавыя пенальці для выяўлення пераможцы.

У матчы за 3-е месца каманда Гродна-Дзевятоўка з лікам 2-0 перамагла каманду Гродна-Вішнявец.

Фінальная гульня стала ўпрыгажэннем усяго турніру. Каманда Грандзіч з лікам 1-0 перамагла каманду Гродна-Паўднёвы.

Пасля ўсіх гульняў адбылася цырымонія ўзнагароджання, дзе, акрамя кубкаў і медалёў, а таксама асноўных намінацый, былі ўручаны прызы лепшым гульцам у кожнай з каманд-удзельніц. Усе ўдзельнікі турніру атрымалі каштоўныя падарункі ад генеральнага спонсара.

Мерапрыемства завяршылася святочнай вячэрай.

Выніковыя месцы:

  1. Грандзічы
  2. Гродна-Паўднёвы
  3. Гродна-Дзевятоўка
  4. Гродна-Вішнявец
  5. Ліда Святой Сям'і
  6. Воранава
  7. Докшыцы
  8. Слонім Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
  9. Гродна-Аўгустовак
  10. Маладзечна
  11. Мінск Савіо
  12. Баранавічы
  13. Слонім св. Андрэя
  14. Паставы
  15. Брэст
  16. Новая Мыш
  17. Мінск-Сухарава
  18. Сапоцкін

Асноўныя намінацыі турніру:

Лепшы гулец турніру – Ягор Пільчук (Грандзічы).

Лепшы бамбардзір турніру – Аляксандр Палачанін (Докшыцы).

Лепшы брамнік турніру – Аляксандр Бык (Гродна-Дзевятоўка).

Прыз сімпатый гледачоў – каманда г. Брэст.

Кс. Артур Малафей 

Фота: Паліна Акалатовіч