Skip to main content

Перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай у Зарачанцы: прыняць кожнае слова Езуса

peregr zaracz 8

20-21 верасня ў межах перэгрынацыі, якая праходзіць у Гродзенскай дыяцэзіі, фігура Маці Божай Фацімскай наведала парафіяльную супольнасць Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы (Баля Касцёльная).

На сустрэчу з Марыяй, якая ў Фаціме асаблівым чынам нагадала аб неабходнасці малітвы, што з’яўляецца ратункам чалавека, прыйшло шмат парафіян. Дзеці, моладзь і дарослыя віталі Маці Божую і запэўнівалі, што ўсведамляюць тое, што трэба нястомна прымаць у свае сэрцы кожнае слова Езуса Хрыста і што не будзе добра ў свеце, калі людзі будуць адкідваць Евангелле; не будзе добра ў сем’ях, якія не будуць прымаць Евангелля.

Падчас святой Імшы, якую цэлебраваў кс. прэлат Вітальд Лазавіцкі, удзельнікі горача маліліся аб тым, каб быць здольнымі адпаведна адкрыцца на Слова Пана, якое мае моц цалкам змяніць жыццё чалавека і дадаць яму надзеі і падтрымкі.

peregr zaracz 2

Вернікі зарачанскай парафіі маліліся таксама аб тым, каб справы пакаяння, якія яны здзяйсняюць – пост і міласціна, – аздаравілі не толькі іх душы, але і душы тых, хто адышоў ад Пана, і каб уратаваць свет ад войнаў і катаклізмаў.

Падчас перэгрынацыі Найсвяцейшай Маці, якая прыбыла ў фацімскай фігуры, вернікі трывалі таксама на індывідуальнай малітве, асабліва Ружанцы, да якога падчас кожнага аб’яўлення заклікала сама Марыя. Падчас гэтай малітвы яны дзякавалі Ёй за кожны дзень, за Яе заступніцтва, за тое, што Яна ўсё яшчэ ўстрымлівае Бога ад спаслання свету заслужанай кары.

На заканчэнне перэгрынацыі пробашч даручыў усю парафіяльную супольнасць мацярынскай апецы Панны Марыі, просячы, каб кожнага парафіяніна Яна мела ў сваёй асаблівай апецы і вяла шляхамі веры.

Кс. Юрый Марціновіч