У верасні фігура Маці Божай Фацімскай, якая наведвае ўсе парафіі Гродзенскай дыяцэзіі, дасягнула Ваўкавыскага дэканату. Перэгрынацыя ў дыяцэзіі праходзіць у юбілейны год 100-годдзя аб’яўленняў Панны Марыі ў Фаціме.
У першай палове верасня фігура наведала парафіяльную супольнасць Св. Вацлава ў Ваўкавыску. Для вернікаў парафіі гэта быў асаблівы час ласкі, аднаўлення рэлігійнага жыцця, магчымасць прыгледзецца да свайго жыцця. З вялікай радасцю яны віталі фігуру Маці Божай на парозе сваёй святыні. Потым парафіяне з верай і надзеяй трывалі на малітве, аддаючы ў мацярынскую апеку Марыі ўсё тое, што іх радуе і засмучае.
Мэта перэгрынацыі, якая адбываецца ў дыяцэзіі, - найперш наблізіць вернікам фацімскае пасланне, скіраванае сто гадоў таму траім дзецям, задачай якіх было перадаць яго ўсяму свету. Гэтае пасланне з’яўляецца заклікам да навяртання, адрасаваным чалавецтву, каб яно не служыла “вогненнаму цмоку”, чый “хвост змятае траціну зорак нябесных і кідае іх на зямлю” (Ап 12, 4).
Перэгрынацыя ў Гродзенскай дыяцэзіі нагадае ўсім вернікам, што мэтай кожнага чалавека павінна быць неба – сапраўдны дом, дзе Нябесны Айцец у сваёй міласэрнай любові чакае ўсіх.
Панна Марыя, прыбываючы ў фацімскай фігуры ва ўсе парафіі дыяцэзіі, нагадвае вернікам, якія выходзяць да Яе на сустрэчу, каб людзі “не абражалі ўжо ніколі Бога, нашага Пана, якога так моцна абражаюць”. Казаць гэта схіляе Яе боль Маці, бо тут ідзе гаворка аб далейшым лёсе Яе дзяцей. Таму Марыя просіць пастушкоў: “Маліцеся, маліцеся шмат і складайце ахвяры за грэшнікаў; столькі душаў трапляе ў пекла, бо ніхто за іх не моліцца і не складае ахвяраў”.
Фігура Маці Божай Фацімскай наведае яшчэ тры дэканаты: Сапоцкінскі, Гродна-Усход і Гродна-Захад. Завяршэнне перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай у дыяцэзіі адбудзецца ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне 22 кастрычніка. Пачатак святой Імшы ў 12.00.
Кс. Юрый Марціновіч