Сёлетнія ўрачыстасці ў санктуарыі Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы, якія адбыліся 17 верасня, завяршыліся канцэртам і прэзентацыяй парафіяльных груп.
Традыцыйна ў трэцюю нядзелю верасня сюды пілігрымавалі дзеці і моладзь, настаўнікi і выхавацелi, выкладчыкi і катэхеты.
У так званым “амфітэатры” каля святыні пад канец дня, праведзенага ў Капцёўцы, усіх пілігрымаў чакаў канцэрт гурта Душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі "OPEN". Разам, як вялікая дружная сям'я, яны танцавалі, трымаючыся за рукі, спявалі, славілі Пана. "Памятай! Ты не самотны!" - гучала ў адной з песень. І, на самой справе, тут усе маглі адчуць дух радасці і спакою, якім Панна Марыя адорвае кожнага.
Таксама пілігрымы мелі магчымасць прадставіць свае парафіі, распавесці, чым жыве іх моладзь, паказаць свае таленты. Дзякуючы такім невялікім выступам яны даведаліся шмат новага, з'ядналіся і пазнаёміліся яшчэ бліжэй.
Час праляцеў вельмі хутка. На наступны дзень усе зноў скіраваліся ў школы і ВНУ, на працу. Цяжка ў такой мітусні і зямным хаосе не забыцца пра Бога, не забыцца размаўляць з Ім кожны дзень, аддаваць Яму боль і цярпенне. Маладым людзям важна разумець, што іх жыццё яшчэ толькі пачынаецца, і пачынацца яно павінна з Бога. Толькі тады гэта будзе правільная і самая лепшая дарога, на якой усялякае зло будзе бяссільным.
Варта пажадаць усім у гэтым новым навучальным годзе быць цярплівымі, стараннымі і спадзявацца на Божую любоў.
Вікторыя Бурч