Skip to main content

80-годдзе кансэкрацыі касцёла адзначылі ў Зарачанцы

zaraczanka jubilej 20

13 верасня адзначылі 80-годдзе кансэкрацыі парафіяльнага касцёла  Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы (Баля Касцёльная). На ўрачыстую святую Імшу падзякі за дар сваёй святыні сабраліся шматлікія вернікі, прадстаўнікі ўладаў і госці парафіі.

Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Парафія і святыня перажылі розныя моманты гісторыі. Сучасны касцёл быў пабудаваны i кансэкраваны ў 1937 г. Год узнікнення святыні ў вёсцы Зарачанка быў вельмі сімвалічным, бо ў 1937 г. на ўсходзе Еўропы бальшавіцкі тэрор дасягнуў свайго апагею, а на Захадзе набіраў моц нацызм.

Як адзін, так і другі рэжым здзяйсняў барацьбу з Касцёлам, пераслед за веру. І менавіта паўстанне святыні ў Зарачанцы прынесла людзям надзею і падтрымку. У касцёле людзі збіраліся на супольную малітву і цэлебрацыю Эўхарыстыі, адсюль выходзілі ўмацаваныя духам.

zaraczanka jubilej 18

Аднак святыня была зачынена ў 1969 г. і перароблена ў склад, што вельмі балюча перажывалі вернікі. У 1989 г. пасля сацыяльна-палітычных перамен святыня дзякуючы намаганням парафіян была вернута ім і асвечана паўторна арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

Вітаючы Мітрапаліта Кандрусевіча, пробашч парафіі кс. прэлат Вітальд Лазавіцкі выказаў радасць, што іерарх зноў знаходзіцца пры алтары ў такую важную хвіліну ў жыцці і гісторыі парафіі. Пробашч таксама падзякаваў арцыбіскупу за прыняцце гэтага запрашэння, дар супольнай малітвы і за клопат аб Касцёле ў Беларусі.

Звяртаючыся з гаміліяй да вернікаў, іерарх выказаў найперш радасць, што ў зарачанскай парафіі ў апошнія гады актыўна развіваецца культ Маці Божай Фацімскай, да якой вернікі асаблівым чынам звяртаюцца ў 13-ы дзень кожнага месяца з мая па кастрычнік. У гэты перыяд у парафіі ладзіцца адмысловае набажэнства да Маці Божай з Фацімы.

Іерарх нагадаў вернікам просьбы і словы Панны Марыі, прамоўленыя сто гадоў таму, заклікаў прыняць гэтае Яе пасланне і праз малітву і навяртанне станавіцца дзецьмі Бога.

Мітрапаліт Кандрусевіч падкрэсліў значэнне касцёла ў жыцці кожнага чалавека і адзначыў, што гэта асаблівае месца спаткання чалавека з Богам. Таму іерарх заахвоціў прымаць удзел у літургіі, быць уважлівымі слухачамі Божага слова, якое падчас кожнай Імшы кіруе Бог да чалавека, а таксама пашыраць дабрачыннасць.

На заканчэнне ўрачыстасці вернікі зарачанскай парафіі выказалі падзяку арцыбіскупу за яго візіт і супольную малітву і прасілі благаславіць усю парафіяльную супольнасць, каб яна з моцай і адвагай рэалізоўвала ў штодзённым жыцці заклік Марыі з Фацімы: маліцеся і навяртайцеся.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота Аліцыі Габіс