Skip to main content

Рэкалекцыі для катэхетаў адбыліся ў Гродне: глядзець у будучыню

rek u grodnie 7

8-10 верасня ў Гродне адбыліся рэкалекцыі для навучэнцаў і выпускнікоў катэхетычных курсаў пры Аддзеле каталіцкага навучання і выхавання біскупскай курыі, катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі. Два апошнія дні рэкалекцыі праходзілі ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка).

Галоўнай тэмай рэкалекцый была новая евангелізацыя. Удзельнікаў заахвочвалі глядзець у будучыню, здзяйсняючы новую евангелізацыю, новую ў сваім запале, новую ў сваіх метадах і новую ў сродках выразу.

У рэкалекцыйных канферэнцыях гучаў заклік да асабістай сустрэчы з Езусам і сведчання аб Ім сваім жыццём і словам. Час рэкалекцый быў таксама магчымасцю будавання супольнасці, матывацыяй да далейшага духоўнага развіцця, заклікам да творчасці і радасці.

Рэкалекцыі сталі для катэхетаў і будучых катэхетаў магчымасцю аднаўлення адносін з Богам і свайго духоўнага жыцця.

Акрамя лекцыйных заняткаў, кожны дзень катэхеты частку свайго часу праводзілі на малітве: удзельнічалі у святой Імшы і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Таксама яны мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння.

Рэкалекцыі завяршыліся сведчаннем саміх удзельнікаў, якія падзяліліся штодзённым перажываннем сваёй веры і тым, як перажылі гэты час.

У духоўных практыкаваннях прыняло ўдзел больш за 50 чалавек. Яны былі арганізаваны Аддзелам каталіцкага навучання і выхавання біскупскай курыі ў Гродне.

Кс. Юрый Марціновіч