Skip to main content

У Гродзенскай дыяцэзіі распачалі служэнне сёстры ядвіжанкі

 

alshanrel 1З верасня ў Гродзенскай дыяцэзіі распачалі служэнне манахіні з Кангрэгацыі Сясцёр святой Ядвігі (ядвіжанкі). Тры маладыя манахіні, поўныя энтузіязму, руплівасці і запалу, будуць служыць у гродзенскай парафіі Святога Духа (Альшанка).

Раней у Гродзенскай дыяцэзіі сясцёр ядвіжанак не было. Першыя сёстры св. Ядвігі прыбылі ў Беларусь каля 25 гадоў таму ў Слуцк (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), дзе няспынна выконваюць служэнне па сённяшні дзень. Прыклад жыцця сясцёр, іх самапрысвячэнне, малітва паспрыялі таму, што шмат дзяўчат са слуцкай парафіяльнай супольнасці пайшло іх следам.

Сёння ўжо больш за 10 сясцёр з гэтай парафіі, якія апранулі доўгі чорны хабіт, блакітны вэлюм з белым контурам, медалік на чорнай стужцы з выявай св. Ядвігі на пярэднім і Беззаганнай на заднім баку.

Сястра Францішка, сястра Вікторыя і сястра Фаўстына, якія пачалі служэнне ў Гродне, належаць менавіта да гэтай групы. Усе яны паходзяць са слуцкай парафіі, адчулі ўнутраны голас паклікання на нашай зямлі.

s jadwizanki 2

s jadwizanki 1

Яны так захапіліся сёстрамі, якія служылі ў Слуцку, што захацелі стаць працягам гэтай прыгожай манаскай справы, якая паўстала ў 1859 г. Яе заснаваў са згоды Святога Айца Пія IX вроцлаўскі святар кс. Роберт Спіске. Канчатковае зацверджанне Апостальскай Сталіцай адбылося 12 студзеня 1931 г.

jadwizanki

Супольнасць імкліва развівалася ў Вроцлаўскай дыяцэзіі, дзе дзякуючы наплыву кандыдатак у хуткі час узнікла 9 пляцовак. Яе заснавальнік кс. Роберт Спіске з маладых гадоў быў звязаны з постаццю апякункі Сілезіі св. Ядвігі. Яе жыццё, поўнае самапрысвячэння для хворых і бедных, мела, без сумнення, уплыў на жыццёвую паставу кс. Роберта і рашаючае значэнне ў абранні апякункі для заснаванай супольнасці, мэтай якой было выхаванне бяздомных, пакінутых дзяцей, а таксама апека над хворымі і састарэлымі.

Сёння сёстры з гэтай манаскай сям’і рэалізуюць сваё пакліканне ў Касцёле праз малітву і сведчанне жыцця, прысвечанага Богу, хрысціянскае выхаванне дзяцей і моладзі, догляд хворых, дапамогу Касцёлу ў душпастырскай працы, адкрытасць на актуальныя патрэбы Касцёла.

Паводле Канстытуцыі супольнасці, задачай Сясцёр св. Ядвігі, згодна з воляй айца заснавальніка, з’яўляецца “хрысціянскае выхаванне і навучанне дзяцей і моладзі, якое базуецца на вучэнні Касцёла”.

У гродзенскую парафію сёстры прыбылі па запрашэнні пробашча кс. Паўла Салабуды. Яны павінны заняцца найперш катэхізацыяй дзяцей і моладзі, але, як адзначае с. Францішка, настаяцельніца манаскай супольнасці, будуць старацца служыць дапамогай усім патрабуючым і бачыць усе патрэбы, не абмяжоўваючы сваіх магчымасцяў.

“Гэта маладая парафія, якую вядзе Дух Святы, а Ён дыхае, дзе хоча. Веру, што Ён будзе весці нас, як столькі гадоў вядзе святы Касцёл”, – дадае сястра Францішка.

Хацелася б толькі пажадаць, каб плёнам распачатага служэння Сясцёр св. Ядвігі ў Гродне стала прыгажосць хрысціянскага жыцця ў маладых сем’ях мікрараёна Альшанка. Каб Пан жніва менавіта з гэтых сем’яў паклікаў новых працаўнікоў на сваё жніво, якія з вялікай адданасцю будуць далей працягваць харызмат супольнасці.

Кс. Юрый Марціновіч