3 верасня ў парафіяльным касцёле св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе (Мастоўскі дэканат) адбылося ўрачыстае ўступленне на пасаду новага пробашча – кс. Віктара Мыслюка.
Ксёндз Віктар Мыслюк падчас святой Імшы склаў публічнае вызнанне веры ў прысутнасці шматлікіх вернікаў парафіі і гасцей і абавязаўся да руплівага служэння сярод сваіх новых парафіян.
Пасля ўступлення пробашча на пасаду віншаванні свайму душпастыру выказалі дзеці і дарослыя. Яны запэўнілі, што будуць у малітвах памятаць аб сваім пробашчы, а таксама маліцца аб новых і шматлікіх пакліканнях да служэння ў Касцёле.
Віншаванні скіравалі таксама былыя парафіяне, якія прыбылі з Балі Касцёльнай, дзе служыў кс. Мыслюк перад гэтым.
“Прагну любіць усіх і служыць кожнай асобе гэтай парафіяльнай супольнасці, да якой Божы Провід мяне пасылае”, - сказаў сваім новым парафіянам святар. Ксёндз Мыслюк падзякаваў усім вернікам за іх клопат аб касцёле ў Воўпе, які дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы саміх парафіян і вялікім старанням былога пробашча кс. Яна Сарэлы быў адноўлены.
Жадаем ксяндзу Віктару радасці і Божай ласкі на кожны дзень святарскага служэння ў новай парафіі і сярод новых вернікаў!
Кс. Юрый Марціновіч