31 жніўня парог Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне пераступілі тры кандыдаты, якія жадаюць праз духоўную, чалавечую, інтэлектуальную і душпастырскую фармацыю рыхтавацца да прыняцця сакрамэнту пасвячэння.
Новыя навучэнцы былі прыняты ў семінарыю пасля экзамену па веданні жыцця Касцёла і яго гісторыі, веданні катэхізіса і кваліфікацыйных размоваў з кіраўніцтвам навучальнай установы.
Першыя дні прабывання ў семінарыі сталі для іх магчымасцю пазнаёміцца з семінарыйным жыццём. Яны маглі даведацца, як выглядае дзень семінарыста: ранні пад’ём, ранішнія малітвы, святая Імша, праца, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, духоўнае чытанне.
Акрамя таго, яны наведалі будынак біскупскай курыі, дзе сустрэліся з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам. Таксама наведалі між іншым дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы і капліцу бл. Цэліны Бажэнцкай у Абрэмшчыне каля Заневічаў.
4 верасня ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне вяртаюцца навучэнцы пасля вакацый. У семінарыі зноў абудзілася жыццё. Пачнецца новы навучальны год.
Для некаторых семінарыстаў гэта будзе важны перыяд у жыцці: у гэтым навучальным годзе частка з іх першы раз апране духоўнае адзенне – сутану, іншыя прымуць паслугу лектарату ці акалітату, яшчэ іншыя атрымаюць дыяканскае пасвячэнне. Для некаторых гэты навучальны год, магчыма, стане гістарычным – бо вянцом вучобы можа стаць прыняцце прэзбітэрскага пасвячэння.
Тры новыя семінарысты распачнуць вучобу ўжо хутка, бо ў дзень урачыстай інаўгурацыі, якая адбудзецца 23 верасня, яны атрымаюць залікоўкі.
Кс. Юрый Марціновіч