Skip to main content

Міжпарафіяльная віктарына "Піяры і Паўсюдны Касцёл" адбылася ў Шчучыне

 

wiktaryna 16З нагоды святкавання 400-годдзя існавання ордэна піяраў і 250-годдзя з дня кананізацыі св. Юзафа Каласанса ў шчучынскай парафіі св. Тэрэзы Авільскай прайшла першая інтэлектуальная гульня сярод моладзі са Шчучына і Ліды. Як вядома, у гэтых мястэчках нашай дыяцэзіі маладымі вернікамі апякуюцца айцы піяры. 

27 жніўня на тэрыторыі парафіі сабралося 5 каманд з арыгінальнымі назвамі: “Вітольдаўны”, “Парадокс”, “Дзеці з-за Тыбра” са Шчучына і “Лімонны Каласанс” з Ліды. Прысутнічала і мяшаная каманда Ліда-Шчучын – “Мікс”. Тыя, хто не рызыкнуў паказаць свае веды і інтуіцыю, назіралі за гульнёй і падтрымлівалі ўдзельнікаў.

wiktaryna 6

Віктарына складалася з пяці тураў.

Напачатку моладзі прапанавалі розныя цікавыя факты на рэлігійную тэму,  і цягам адной хвіліны вернікі павінны былі адказаць, праўда гэта ці не.

Затым з пераліку адказаў на пытанне трэба было выбраць адзін правільны. Тут асаблівым чынам праявілі сябе міністранты, дзякуючы якім каманды лёгка справіліся з такім заданнем, як, напрыклад, пра значэнне колераў адзення святара.

У чарговым туры трэба было выбраць пытанне з адной з прапанаваных катэгорый: "Біблія", "Касцёл у Беларусі", "Паўсюдны Касцёл", "Музыка ў касцёле", "Піяры", "Св. Юзаф Каласанс". Асаблівай папулярнасцю цешылася музыкальная катэгорыя  – па мелодыі моладзь адгадвала песню і спявала яе разам з усімі.

Адным з самых складаных тураў аказаўся той, дзе на пытанне не прапаноўвалася ніякіх варыянтаў адказаў. Некаторыя заданні патрабавалі дасканалых ведаў, а на іншыя, як, напрыклад, “Якім сказам заканчваецца Новы Запавет?”, можна было адказаць лагічна.

У апошнім туры задавалася пытанне, адказам на якое была лічба. Тая каманда, якая была бліжэй за ўсіх ці давала дакладны адказ атрымлівала адзін бал. Тут спатрэбіліся веды не толькі па гісторыі хрысціянства, але і па геаграфіі і нават матэматыцы. Не проста было адказаць, у якой краіне знаходзіцца абсалютная колькасць каталікоў, і якім па ліку з’яўляецца сённяшні Папа.

wiktaryna 12

На працягу ўсіх пяці тураў каманды паказвалі высокі ўзровень, радаваліся правільным адказам, смяяліся з саміх сябе і неадступна змагаліся за перамогу. Вынікі былі наступныя.

1 месца: "Дзеці з-за Тыбра" (34 бала) - Шчучын;

2 месца: "Лімонны Каласанс" (27 балаў) - Ліда;

3 месца: "Мікс" (25 балаў) - Ліда/Шчучын;

3 месца: "Парадокс" (25 балаў) - Шчучын;

4 месца: "Вітольдаўны" (20 балаў) - Шчучын.

Усе ўдзельнікі атрымалі памятныя падарункі, прысвечаныя юбілейнаму году, добры настрой і зарад энэргіі для атрымання новых ведаў ва ўжо блізкім катэхетычным годзе!

Тэкст: Кацярына Мурамская

Фота: а. Віталь Слука SP