22 жніўня адбыліся штогадовыя адпустовыя ўрачыстасці ў санктуарыі Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішыне (Пінская дыяцэзія). Сёлетнія ўрачыстасці з удзелам шматлікіх пілігрымаў узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Вітаючы ўсіх гасцей, якія прыбылі ў санктуарый, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка адзначыў, што ў гэтым годзе прыпадае 20-я гадавіна каранацыі абраза Маці Божай Лагішынскай.
Іерарх нагадаў, што пасля дзесяцігоддзяў пераследу веры 1 студзеня 1997 г. кардынал Казімір Свёнтэк перадаў лагішынскаму касцёлу адрэстаўраваны абраз Маці Божай Лагішынскай Каралевы Палесся, а ў маі таго ж года адбылася яго каранацыя папскімі каронамі.
Гамілію да сабраных прамовіў дапаможны біскуп Пiнскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, які заклікаў асабліва маладое пакаленне да вернасці Богу і малітве. Іерарх заахвоціў да большага клопату аб сваёй душы, якая несмяротная і патрабуе большай увагі. Біскуп дадаў, што трэба нястомна шукаць Бога і скіроўваць да Яго сваю душу, думкі і сэрца.
Звяртаючыся на заканчэнне ўрачыстасцяў да пілігрымаў, частка з якіх прыбыла ў пешых пілігрымках з Бярозы, Баранавіч i Івацэвіч, біскуп Юзаф Станеўскі пажадаў, каб пасля сустрэчы з Паннай Марыяй яны вярнуліся дадому змененымі, каб умацоўваць іншых Божай ласкай, ратаваць гінучых грэшнікаў, паяднацца ў сем’ях і ўсім прабачыць.
Іерарх заклікаў выкарыстоўваць новыя магчымасці, якія прапануе свет і якія павінны служыць чалавеку для духоўнага адраджэння і перамянення.
Урачыстасць завяршылася даручэннем Пінскай дыяцэзіі Найсвяцейшай Панне Марыі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Кацярыны Гамзюк