Skip to main content

"Канікулы з Богам" прайшлі ў лідскай парафіі

lida kzb 1Сёлета з 13 па 20 жніўня айцы піяры з Ліды (парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі) правялі традыцыйныя “Канікулы з Богам”. У адпачынку прыняло ўдзел каля трохсот  дзяцей, як з піярскай, так і з іншых парафій. Некаторыя дзеці спецыяльна ў гэты час прыехалі з іншых гарадоў да сваіх бабуль і дзядуль, каб адпачыць у лагеры.

Маленькія вернікі праводзілі час з песнямі, танцамі, гульнямі і ў той жа момант паглыблялі сваю веру. Дапамагалі ім у гэтым а. Андрэй Агель, пробашч парафіі, а. Аляксандр Махнач і 30 апекуноў-важатых.

У гэтым годзе ўся піярская сям’я святкуе двайны юбілей: 400-годдзе існавання ордэна піяраў і 250-годдзе з дня кананізацыі св. Юзафа Каласанса, таму менавіта вышэйзгаданым падзеям і быў прысвечаны ўвесь адпачынак.

Першы дзень, як звычайна, - знаёмства: кожная група выбрала для сябе назву і падрыхтавала песню. Безумоўна, шмат груп выбрала для сябе мянушкі, звязаные з апекуном касцёла: “Дзеці Каласанса”, “Піярчыкі”, “Паслядоўнікі Юзафа” і т.п. Цэлы тыдзень дзеці рыхтавалі нумары да “Хвіліны славы”, а ў пятніцу і суботу прайшоў спецыяльны гала-канцэрт, які сабраў больш за пяцьдзесят нумароў! Не абмінулі і тэму спорту: у аўторак праходзілі ужо традыцыйныя спартыўныя спаборніцтвы “Мнагабор’е”, а ў сераду - дзень піярскіх танцаў і батутаў. Асаблівасцю лагера з’яўляецца арганізацыя спецыяльнага падарожжа па нашай краіне – сёлета дзеткі наведалі Мінск і “Дрымлэнд”.

lida kzb 8

Ужо традыцыйна (пачынаючы з мінулага года), напрыканцы дня ўсе збіраліся на супольную малітву перад Місійным крыжам, каб падзякаваць Богу за яшчэ адзін дзень з добрым надвор’ем і вясёлым адпачынкам пад апекай св. Юзафа Каласанса. Кожны дзень маленькія вернікі атрымоўвалі салодкі падарунак і заданне распавесці сваім сем’ям пра тое, што даведаліся на працягу дня.

На заканчэнне лагера, пасля дзіцячай св. Імшы, усе ўдзельнікі “Канікулаў з Богам” правялі падсумаванне тыдня: пераможцы розных конкурсаў атрымалі спецыяльныя парафіяльныя дыпломы і карысныя падарункі. За тыдзень дзеці набылі новых сяброў, даведаліся шмат цікавых фактаў пра св. Юзафа Каласанса і гісторыю Касцёла, вывучылі новыя танцы і песні, паўдзельнічалі ў конкурсах і падзяліліся сваімі талентамі з іншымі. Ці ж гэта не адзін з лепшых спосабаў праслаўлення нашага нябеснага Айца і дэманстрацыя таго, што сапраўднае жыццё з Богам напоўнена радасцю?!

Кацярына Мурамская

Фота Сяргея Масло