Skip to main content

Перэгрынацыя фігуры Маці Божай прайшла ў парафіях у Стараельні, Дварцы, Раготне

dziatl dz 25

10 жніўня пачалася перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай у Дзятлаўскім дэканаце. Першай парафіяльнай супольнасцю, якую наведала Марыя ў фацімскай фігуры, была Стараельня.

Парафіяне на чале са сваім пробашчам кс. Віктарам Захарэўскім з радасцю віталі Панну Марыю. Прыбыццё фігуры ў парафію мясцовыя вернікі лічаць вялікай ласкай і знакам Божага благаслаўлення, якое сыходзіць на людзей.

Падчас прабывання фігуры ў касцёле цэлебраваліся святыя Імшы, вернікі маліліся асабліва на ружанцы і дзякавалі Богу праз рукі нябеснай Маці за ўсе дары і ласкі, якімі былі ўзбагачаны.

Маці Божая ў фацімскай фігуры наведала і капліцы, якія належаць да парафіі, дзе вернікі таксама мелі магчымасць памаліцца і даручыць Марыі свае справы.

Увечары фігура была перададзена ў парафію ў Наваельні.

12 жніўня фігура прыбыла ў парафію Божага Цела ў Дварцы. На пачатку пасёлка, каля знака “Дварэц”, вернікі з працэсійнымі харугвамі чакалі разам з пробашчам кс. Віктарам Захарэўскім сустрэчы з Марыяй. Пасля прывітання пад біццё звана яны прайшлі ў працэсіі да брамы святыні і вакол касцёла.

У касцёле словы прывітання прамовілі пробашч, бацькі, моладзь, дзеці. Падчас Імшы гамілію прамовіў кс. Аляксандр Пятровіч. Святар нагадаў змест фацімскага паслання, якое заклікае чалавека да радыкальнага навяртання і змены свайго жыцця.

Вечарам вернікі сабраліся на фацімскі Ружанец, a потым марыйны заклік, прайшлі ў працэсіі з запаленымі свечкамі і фігурай вакол касцёла.

13 жніўня Маці Божая ў фацімскай фігуры завітала ў парафію Святых Анёлаў Ахоўнікаў у Раготне. Дзеці, моладзь і старэйшыя парафіяне з харугвамі віталі Марыю на пачатку пасёлка, каля каталіцкага і праваслаўнага крыжоў.

Пасля прывітання працэсія пад спеў у гонар Марыі рушыла да касцёла. Дзяўчаты сыпалі кветкі перад Маці Божай. У касцёле словы прывітання прамовілі пробашч кс. Віктар Захарэўскі, бацькі, моладзь і дзеці.

Гамілію падчас Імшы прамовіў кс. Аляксандр Пятровіч з Дзятлава.

Вечарам адбыўся фацімскі Ружанец, які сабраў вялікую колькасць парафіян і гасцей, затым марыйны заклік і працэсія вакол касцёла са спевамі і свечкамі.

Людзі занеслі запаленыя агеньчыкі дадому, каб Панна Марыя асвяціла цемру ў іх месцах жыцця. З раніцы да абеду трывала індывідуальная адарацыя, кожны меў магчымасць пабыць у цішыні з Маці Божай. 

На развітанне з фігурай парафію наведаў яе першы пробашч, сёння біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка. Моладзь і прадстаўнікі парафіі радасна прывіталі іерарха. Біскуп узначаліў святую Імшу, у гаміліі ўзгадаўшы тыя часы, калі касцёл падымалі з руін. Таксама пінскі ардынарый заахвоціў вернікаў любіць Маці Божую і жыць у блізкасці з Ёй.

Пасля Імшы адбыўся акт аддання парафіі i ўсіх, хто яе ўтварае, Панне Марыі. З фацімскімі песнямі і слязьмі на вачах вернікі яшчэ раз прайшлі ў працэсіі вакол касцёла. Потым фігура была перададзена ў парафію ў Дзятлаве.

Калі машына з фігурай ад'ехала ад раготнаўскага касцёла, вернікі разам з біскупам і пробашчам пад спеў "Цябе, Бога, праслаўляем" вярнуліся ў святыню, каб падзякаваць Пану за прыгожую ўрачыстасць i за дар сустрэчы з Марыяй.

Біскуп Антоні Дзям’янка сустрэўся з дзецьмі і моладдзю, благаславіў іх і ўручыў свае памяткі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота Валерыя Пачука